Нацбанк прыняў пастанову, ад якой залежаць стаўкі крэдытаў на жыллё
- 18.09.2024, 21:18
- 3,714
Падрабязнасці.
Нацбанк абнародаваў разліковыя велічыні стандартнай рызыкі (РВСР), якія будуць дзейнічаць у кастрычніку. Гэта адсоткавая столь банкаўскіх крэдытаў, у першую чаргу на нерухомасць.
РВСР для фізічных асобаў на кастрычнік, як і ў гэтым месяцы, пакінуць на цяперашнім узроўні – 17,71% (у ліпені было 17,22%), а для юрыдычных асобаў – таксама жнівеньскія значэнні – 12,5% (у ліпені – 11,98 %). На гэтую столь павінны арыентавацца банкі, калі выстаўляюць адсоткавыя стаўкі ў крэдытах, іх нельга перавышаць.
Яшчэ адзін паказнік, на які фінустановы арыентуюцца пры выстаўленні адсоткавых ставак у пазыках, – стаўка рэфінансавання. Цяпер яна складае 9,5% гадавых. Нацбанк прагназуе, што стаўка рэфінансавання ў сярэднім за 2024 год будзе на ўзроўні 9–9,5% гадавых. Аднак 19 студзеня ў Нацбанку заявілі, што ў 2024 годзе рэгулятар не плануе змяншаць стаўку рэфінансавання, чакаць яе павышэння таксама не варта.
Нагадаем, запазычанасць беларусаў перад банкамі ставіць рэкорды. Пры гэтым фінустановы павышаюць стаўкі ў пазыках на жыллё.
Таксама Нацбанк раней заяўляў пра інфляцыйныя і дэвальвацыйныя рызыкі для беларускай эканомікі, якія звязаныя ў тым ліку з тым, што насельніцтва і бізнэс актыўна набіраюць крэдыты. Эксперты таксама бачаць у гэтым рызыкі для нацвалюты. Яны мяркуюць, што памяркоўная пазіцыя Нацбанка ў грашова-крэдытнай палітыцы можа стаць адной з прычынаў запаволення росту эканомікі.