ФБР спыніла дзейнасць кітайскай хакерскай групоўкі
- 18.09.2024, 21:51
- 2,992
Групоўка пазіцыянавала сябе як IT-фірма.
Дырэктар Федэральнага бюро расследаванняў ЗША Крыстафер Рэй заявіў, што ЗША спынілі дзейнасць буйной кітайскай хакерскай групоўкі пад назвай «Flax Typhoon». Гэтую заяву ён зрабіў у сераду на канферэнцыі ў кібербяспецы ў Вашынгтоне, паведамляе Reuters. Паводле словаў дырэктара, праваахоўным органам удалося вырваць тысячы прыладаў з сеткі хакерскай групоўкі.
Рэй адзначыў, што групоўка «Flax Typhoon» кіравалася кітайскай кампаніяй Integrity Technology Group, якая пазіцыянавала сябе як IT-фірма, але на справе збірала выведныя звесткі і ажыццяўляла дзейнасць у інтарэсах кітайскіх спецслужбаў. Паводле ягоных словаў, атакі групоўкі былі накіраваныя на крытычна важную інфраструктуру, карпарацыі, медыяарганізацыі, універсітэты і ўрадавыя ўстановы ЗША.
Для рэалізацыі сваіх нападаў «Flax Typhoon» выкарыстоўвала так званы «ботнэт» – сетку ўзламаных камераў і лічбавых прыладаў для захоўвання звестак, растлумачыў Рэй. Ён дадаў, што, перш чым спецыялісты змаглі ўзяць пад кантроль інфраструктуру ботнэту, хакеры паспелі правесці кібератаку.
Кітайскія ўлады заявілі, што «Flax Typhoon» з'яўляецца злачыннай групоўкай, якая займаецца вымагальніцтвам.
Крыстафер Рэй падкрэсліў, што ЗША прадоўжаць барацьбу ў гэтым кірунку, адзначыўшы, што аперацыя супраць «Flax Typhoon» была «толькі адным раўндам у значна больш доўгай барацьбе».