Магнус Карлсэн заклікаў не знімаць санкцыі супраць шахматных федэрацый Беларусі і РФ
2- 20.09.2024, 10:49
- 1,868
Нарвежац атрымаў узнагароду найлепшага гульца за апошнія 100 гадоў.
Нарвэжскі гросмайстар Магнус Карлсэн атрымаў узнагароду як лепшы шахматыст апошніх 100 гадоў і зрабіў важную заяву на цырымоніі.
33-гадовы Карлсэн, 16-ы чэмпіён свету (2013–2023), 7-разовы чэмпіён свету ў бліц і 5-разовы ў рапідзе, выказаўся супраць зняцця санкцый з расейскіх і беларускіх шахматных федэрацый.
Nice tribute by Magnus Carlsen to @Kasparov63, not only to the chess-player, but also to the political activist!#GOATS pic.twitter.com/Eb9UH0J7zF
— Peter Heine Nielsen (@PHChess) September 19, 2024
У сваёй прамове ён сціпла дадаў, што гэты прыз, на ягоную думку, больш заслужыў Гары Каспараў.
“Крыху дзіўна атрымліваць гэтую ўзнагароду, пакуль я яшчэ актыўны гулец. Цяпер я, калі быць сумленным, больш думаю аб матчы каманды Нарвэгіі супраць В'етнама.
Вядома, я павінен быў прыняць гэтую ўзнагароду, але, на маю думку, Гары Каспараў меў лепшую кар'еру за мяне. Я разумею, чаму я атрымаў гэтую ўзнагароду, але ўсё роўна думаю, што ён больш заслугоўвае гэтага. Прынамсі, я скажу ў гонар Гары, таму што я ўпэўнены, што ён бы скарыстаўся магчымасцю даць параду не касаваць санкцыі супраць расейскай і беларускай шахматных федэрацый.
Вось і я кажу тое ж”, - сказаў Карлсэн.
Адзначым, што ў момант выступу Магнуса з ім на сцэне быў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі шахмат (ФІДЭ) расеец Аркадзь Дварковіч. Раней была інфармацыя, што пытанне аб вяртанні РФ і Беларусі да спаборніцтваў пад сваім сцягам усё яшчэ ўключанае ў паседжанне ФІДЭ. Генеральная асамблея міжнароднай шахматнай федэрацыі адбудзецца 21-22 верасня ў Будапешце.