Зяленскі расказаў, як прымае пастановы і ці змяніла яго вайна
38- 22.09.2024, 18:07
- 6,726
За дзень прэзідэнту Украіны даводзіцца прымаць 20–30 пастановаў.
За дзень прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму даводзіцца прымаць дваццаць–трыццаць пастановаў, пры гэтым адмаўляючыся ад доўгіх разваг.
Пра гэта расказаў сам Зяленскі ў інтэрв'ю выданню The NewYorker, апублікаваным 22 верасня.
Адказваючы на пытанне, як вайна мяняе чалавека, Зяленскі адзначыў: «Калі вы пра мяне кажаце, то я ўсё яшчэ трымаюся».
На ўдакладняльнае пытанне, ці бываюць моманты, калі ён ловіць сябе на тым, што рэагуе на рэчы інакш, чым раней, і ці заўважае ён змены ў сабе, прэзідэнт Украіны адказаў, што, магчыма, стаў менш эмацыйным.
На гэта, паводле ягоных словаў, няма часу. Таксама, кажа Зяленскі, як няма часу на развагі і спрэчкі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што думаць уголас у яго ёсць магчымасць толькі ў час інтэрв'ю.
«Я не раблю гэтага са сваімі падначаленымі і калегамі ва ўрадзе. Калі б я сядзеў і разважаў над кожнай пастановай цягам гадзіны, я змог бы прыняць толькі дзве-тры пастановы на дзень», – растлумачыў Зяленскі, дадаўшы, што яму за дзень даводзіцца прымаць дваццаць-трыццаць пастановаў.