Ізраіль адмаўляе дачыненне да падрыву пэйджараў у Ліване
- 22.09.2024, 18:49
- 3,628
Паводле словаў прэзідэнт Ізраіля, у «Хезбалы» шмат ворагаў.
Прэзідэнт Ізраіля Іцхак Герцаг заявіў, што ягоная краіна не мае дачынення да масавага падрыву бесправадных прыладаў сувязі групоўкі «Хезбала» ў Ліване.
«Я адмаўляю якое-небудзь дачыненне да такой аперацыі. У “Хезбалы” шмат ворагаў, у гэтыя дні іх даволі шмат. “Хезбала” душыць Ліван, разбурае Ліван, стварае хаос у Ліване зноў, і зноў, і зноў. Мы тут проста для таго, каб бараніць сябе. Гэта ўсё, што мы робім», – сказаў ён у інтэрв'ю Sky News.
Ён дадаў, што войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) ліквідавала 16 камандзіраў групоўкі ў выніку ўдару па Бейруце 21 верасня.
Герцаг растлумачыў, што Ізраіль не плануе ваяваць з Ліванам, нягледзячы на тое, што ягоная краіна знаходзіцца ў «небяспечнай сітуацыі» і «існуе патэнцыял рэзкай эскалацыі».
«Ізраіль не зацікаўлены ў вайне з Ліванам. Мы не хочам увязвацца ў вайну. Але Ліван захоплены тэрарыстычнай арганізацыяй, якая таксама з'яўляецца палітычнай партыяй пад назвай “Хезбала”», – падкрэсліў ён.