У менскай шматпавярхоўцы з'явіўся столік, дзе можна дзяліцца ежай з суседзямі
12- 22.09.2024, 19:51
- 12,266
Некаторых ідэя насцярожыла.
Жыхарка Менска паказала ў TikTok столік з ежай, які з'явіўся ў пад'ездзе шматпавярхоўкі, дзе яна жыве. Паводле словаў жанчыны, на ім была і тлумачальная запіска: ідэя заключаецца ў тым, каб дзяліцца непатрэбнай ежай з суседзямі. Але большасць каментатараў настроеныя скептычна, паведамляе «Зеркала».
«Глядзіце, як у нас цікава. Суседзі паставілі столік такі: "Паважаныя суседзі, давайце тут дзяліцца непатрэбнай ежай, са стала можна ўсё забраць". Тут маршмэлаў, мусіць, з Новага года засталіся, сочыва, мяркуючы з усяго, і яшчэ нейкі слоічак, падобна на мёд, але незразумела, што гэта. Ідэя вельмі прышпільная», – расказала аўтарка роліка.
Яна не назвала адрас дома з такімі шчодрымі суседзямі. Тым часам у каментарах большасць карыстальнікаў адзначылі, што не рызыкнулі б частавацца з гэтага століка:
@yakazdanovich Как вам такая идея? Взяли бы что-то себе?🤔 #соседи #едаялюблютебя #идея ♬ Cooking Time - Lux-Inspira
«Тыя, хто мае патрэбу, думаю, возьмуць. Я не стала б з меркаванняў засцярогі»
«Не ўзяла б, але пакінула»
«Я параноік, мусіць, але нават калі на вуліцы сына хтосьці пачастуе “з дабрыні душэўнай”, я падзякую, але дзіцяці не дам пачастунак, занадта баюся»
«Калі толькі нешта запячатанае, то можна. Сваё прыгатаванае я не стала б ні класці, ні браць. А раптам супадзе і жывот забаліць, і будзеш вінаваты»
«Не, з ежай – гэта занадта ўжо. Кнігі, рэчы, бытавая хімія – так. А так не рызыкнула б узяць»
«Небяспечны трэнд»
Некаторыя прызналіся, што ўзялі б ежу толькі ў тым выпадку, калі б яна была ў завадскім пакаванні.
Таксама аўтарка пацікавілася, што ж лепш за ўсё класці на такі столік. Сярод прапанаваных каментатарамі варыянтаў былі кабачкі, баначкі з соллю або цукрам і сухарыкі.