РФ рыхтуецца да нападу УСУ на Крымскі мост
8- 22.09.2024, 21:29
- 10,152
На востраве Тузла акупанты ўсталёўваюць вежы з сістэмамі СПА.
Расейскія акупацыйныя войскі пачалі ўсталёўваць на востраве Тузла металічныя вежы з платформамі, каб размясціць на іх сістэмы супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця незаконна пабудаванага Крымскага моста. У Цэнтры журналісцкіх расследаванняў паведамілі, што расейцы цягам тыдня на дзвюх вежах ужо ўстанавілі баявыя модулі зенітна-ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С1М» па абодва бакі моста.
У ЦЖР адзначылі, што вышыня гэтых вежаў дасягае 30–35 метраў над узроўнем мора.
«Гэты комплекс супрацьпаветранай абароны можа размяшчацца на колавым і трэкавым шасі, а таксама ўсталёўвацца стацыянарна, ствараючы над аб'ектам "купал" бяспекі радыусам 20 кіламетраў і вышынёй 15 кіламетраў, у адпаведнасці з тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі гэтай сістэмы», – паказваюць журналісты.
Упершыню былі зафіксаваныя гэтыя комплексы СПА на Крымскім мосце ў пачатку верасня.
У ЦЖР заявілі, што расейскія войскі і далей усталёўваюць такія вежы ўздоўж гэтага моста, паколькі было заўважана дзесяць секцый-трансформераў на будаўнічай пляцоўцы з боку часова акупаванай Керчы.
Акрамя гэтага, войска РФ для абароны ад удараў украінскіх марскіх дронаў у моры устанаўлівае металічныя «вожыкі».