27 верасня 2024, Пятніца, 4:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусу атрымаць запаветны «шэнген»

6
Як беларусу атрымаць запаветны «шэнген»

У якіх пасольствах больш рэальна атрымаць еўрапейскую візу.

З пэўнага часу колькасць квэстаў, якія трэба прайсці беларусам для выезду ў Еўропу, павялічылася. Доўгаму перасячэнню мяжы папярэднічае не менш пакутлівая і дарагая частка - атрыманне візы.

Але на колькасць ахвочых гэта не асабліва ўплывае. Як і на нечыя планы правесці Каляды ў Старым Свеце ці з'ездзіць улетку ў адну з еўрапейскіх сталіц, а потым яшчэ і на мора.

Журналіст Tochka.by надумаў даведацца ў візавых агенцтвах, наколькі рэальна атрымаць «шэнген» на доўгі тэрмін чалавеку, у якога не было візаў апошнія тры гады.

Паводле паскоранай праграмы - паўтара месяца

Відавочна, што найболей перспектыўнымі ў афармленні «шэнгена» застаюцца Італія і Гішпанія. Гэта пацвердзілі ў дзвюх фірмах. Санкцыі санкцыямі, а прыбыткі ад турызму ніхто не касаваў.

У адным з агенцтваў прапанавалі абраць гішпанскую візу з паскоранай падачай у Менску - запіс у межах двух тыдняў. І да 40 дзён разгляду дакументаў пасольствам.

«Статыстыка ў апошні час добрая, адмоў мала», – напісала мэнэджарка.

Для адкрыцця неабходна выпіс з рахунку з рухам і астаткам €2000-2500. Кампаніі пад сілу зрабіць рэзерваванне гатэляў і квіткоў на транспарт. Калі маецца на ўвазе паездка на асабістым аўто, пры наяўнасці тэхпашпарта і пасведчання кіроўцы могуць аформіць маршрутны ліст.

Фірма займаецца падрыхтоўкай пакета дакументаў і курыруе ўсе працэсы пры рэгістрацыі.

Каштуе ўсё ў гэтым канкрэтным выпадку Br950. Аплата дзеліцца на дзве часткі: папярэдняя аплата Br250, астатняе - па факце.

У чысты пашпарт доўгатэрміновы «шэнген» не ставяць

Яшчэ ў адным агенцтве распавялі пра запіс у візавы цэнтр Італіі - па жывой чарзе і бясплатна. Дзеля гэтага трэба пад'ехаць у будны дзень на адрас вул. Няміга, 40, а 16:00–17:00 і ўзяць талончык (пры сабе мець пашпарт).

Чарга будзе падыходзіць бліжэй да лета, і тады можна падаць дакументы. Кампанія дапаможа аформіць усе неабходныя паперы цягам дня. Гэта каштавацьме Br120.

Спецыялістка папярэдзіла, што перыяд дзеяння візы вызначае толькі консул, яна можа быць адкрытая на тэрмін ад пары тыдняў да паўгода.

«Звычайна ў чысты пашпарт вялікую па тэрміне візу не ставяць, але італійцы могуць адкрыць і на тры месяцы, і на паўгода. Калі вы наведаеце Італію і паўторна падасце дакументы з пацвярджэннем знаходжання (рэзерваванне гатэля, чэкі аб аплаце пакупак, фота), наступную візу могуць паставіць на два гады», - растлумачыла прадстаўнік фірмы.

У Польшчу - пад канцэрты

Трэба разумець, што пры афармленні гішпанскіх і італійскіх віз вельмі пажадана як мага хутчэй наведаць гэтыя краіны. Бо інакш наступным разам у дыпламатаў могуць узнікнуць пытанні.

Іншыя краіны Еўразвяза можна выкарыстоўваць для транзіту, але з пацвярджэннем канчатковага пункта маршруту (рэзерваванне ў гатэлі). Каб не атрымалася, як нядаўна з беларускімі турыстамі, якія на аўтобусе па грэцкай візе ехалі ў Гішпанію і былі спыненыя ў Нямеччыне, а потым вернутыя ў Беларусь.

Праблема стала актуальнай праз цяжкасці з атрыманнем віз у суседзяў - Літвы і Польшчы. Дадалі цяжкасцяў і нядаўнія скандалы з выдачай польскіх дазвольных штампаў: візы PBH выкарыстоўвалі не паводле прызначэння, а многія афармлялі студэнцкія, каб потым працаўладкавацца ў ЕЗ.

Журналіст паразмаўляў з беларускай, якая жыве ў Польшчы і нядаўна дапамагла атрымаць візы сваякам.

З яе слоў, у нейкі момант стала прасцей запісацца. Рабіла яна гэта дыстанцыйна праз турагента (каштуе такая паслуга Br300 на чалавека).

Праўда, трэба адзначыць, што мэта візіту была рэальнай. Напрыклад, суразмоўніца захацела зрабіць падарунак свайму брату – набыла квіткі на канцэрт у Варшаве, і пад гэта віза была аформленая без праблем.

Перыяд знаходжання выявіўся не такім вялікім, як хацелася б: два тыдні. Але і гэтага дастаткова, каб злятаць яшчэ ў якую-небудзь еўрапейскую краіну.

Разам з тым беларуска пацвердзіла, што зараз значна прасцей аформіць візу для бацькоў-пенсіянераў. Бацька нашай гераіні падаваўся на польскі «шэнген» паводле такога ж прынцыпу раней і атрымаў дазвольны штамп на тры месяцы.

Пры гэтым у кожным выпадку ўсё трэба рабіць загадзя, мінімум за два месяцы да меркаванага івенту.

Зрэшты, для некаторых пытанне паездак у Варшаву на канцэрт і ў Еўропу на адпачынак на фоне цяжкасцей з атрыманнем віз застаецца закрытым у кожным выпадку. Пастановы дыпламатаў і памежнікаў прымушаюць беларусаў глядзець на бязвізавы Усход - арабскія краіны і Азію.

Напрыклад, Катар можна знайсці танней за Турцыю. А ляцець у Кітай праз Маскву зараз атрымліваецца хутчэй, чым патрапіць у Польшчу. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках