Кіраўнік МЗС Літвы: Пакуль у Беларусі не пачнуцца рэальныя перамены, пра зняцце санкцый не можа быць і гаворкі
8- 23.09.2024, 21:41
- 7,090
Габрыэлюс Ландсбергіс абмеркаваў з палітыкамі ЕЗ пытанне вызвалення беларускіх палітвязняў.
Падчас Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс абмеркаваў з іншымі палітыкамі ЕЗ пытанне вызвалення беларускіх палітвязняў і стаўленне да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас дэбатаў пра палітвязняў у кулуарах Генасамблеі ААН Ландсбергіс падкрэсліў, што да таго часу, пакуль сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не зменіцца, пра змякчэнне санкцый не можа быць і гаворкі.
«Беларусь усё больш становіцца падобнай на турму, і пакуль там не пачнуцца рэальныя перамены, пра змякчэнне санкцый не можа быць і гаворкі», – прыводзіць словы міністра партал Delfi.
Паводле ягоных словаў, некалькі палітвязняў, вызваленых Лукашэнкам, толькі ствараюць ілюзію супрацоўніцтва з Захадам, якая не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі ў краіне.
«Кожны раз, калі ў Беларусі набліжаюцца выбары, рэжым Лукашэнкі робіць фіктыўныя крокі і кожны раз вызваляе некалькіх палітвязняў, каб стварыць ілюзію супрацоўніцтва з Захадам. Спадзяюся, што і на гэты раз мы не памылімся і не паддадзімся ілюзіям, бо ў беларускіх турмах знаходзяцца сотні палітвязняў, якія сталі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, якіх дыктатар зноў паспрабуе абмяняць на зняцце санкцый і скасаванне ізаляцыі», – сказаў Ландсбергіс.