Стала вядома, што магло прывесці да выбуху ракеты «Сармат» у шахце на палігоне
18- 24.09.2024, 10:27
- 41,214
Экспэрты смяюцца ад душы.
Падчас выпрабаванняў у РФ проста ў шахце падарвалася ядзерная міжкантынентальная балістычная ракета РС-28 "Сармат". Экспэрты мяркуюць, што прычынай гэтага сталі праблемы з вадкаснай сілавой усталёўкай, піша Der Spiegel.
Нарвэжскія спецыялісты ў землятрусах з інстытута Norsar не змаглі знайсці пацвярджэнняў моцнаму выбуху, тады як экспэрт Джордж Барос з Інстытута вывучэння вайны заявіў, што дыяметр варонкі пасля няўдалага запуску склаў прыкладна 62 метры.
У матэрыяле гаворыцца, што "Сармат", пры масе больш за 200 тон, у 6 разоў цяжэйшы і ў два разы даўжэйшы (35 метраў), чым амерыканскія ядзерныя ракеты Minuteman III. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заяўляў, што РС-28 "Сармат" можа абысці ўсе сучасныя сродкі ПРА, бо валодае найлепшымі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі.
“Калі вы выпрабоўваеце новыя сістэмы, вы павінны чакаць памылак на пачатковым этапе. Але ў выпадку з “Сарматам” гэта выглядае як вялікая памылка”, - заявіў выданню эксперт Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Цімаці Райт.
Ён таксама выказаў меркаванне, што праблема можа быць у вадкаснай сілавой устаноўцы, у Расеі могуць быць цяжкасці з такімі тэхналогіямі.
Еўрапейскі экспэрт у галіне ракет Маркус Шылер у каментары СМІ сцвярджае:
«Расея не мае добрай карціны ў распрацоўцы гэтай ракеты. Гэты інцыдэнт яшчэ раз паказвае, што ў расейскай зброевай прамысловасці не ўсё гладка».
А вось Крысціян Мёлінг з Фонду Бертэльсмана дадаў, што няўдалыя выпрабаванні “Сармата” шкодзяць іміджу РФ.
"Экспэрты глядзяць на распрацоўку "Сармата" і цяпер смяюцца ад душы", – рэзюмаваў ён.