Абнародаваныя кадры з Ваўчанскага агрэгатнага завода, які вызвалілі ад акупантаў
2- 24.09.2024, 19:40
- 20,834
У некаторых выпадках украінскія спецназаўцы ўступалі з ворагам у рукапашны бой.
Падраздзяленні ГУР МА 24 верасня вызвалілі ад расейцаў Ваўчанскі агрэгатны завод у Харкаўскай вобласці, знішчыўшы акупантаў ва ўсіх будынках прадпрыемства. Пра гэта паведамляецца ў Facebook ваеннай выведкі Украіны.
Адзначаецца, што аперацыю правялі спецгрупы ГУР МА.
«Байцы ГУР МАУ ажыццяўлялі сістэмную зачыстку будынкаў завода, увесь час уступаючы ў кантактныя баі з супраціўнікам ва ўмовах шчыльнай забудовы. У некаторых выпадках украінскія спецназаўцы ўступалі з ворагам у рукапашны бой», - сказана ў паведамленні.
Як расказалі ў ваеннай выведцы, расейцы ператварылі агрэгатны завод у сваю прапагандысцкую «цытадэль», задзейнічаючы ў яе абароне найбольш матываваныя і прафесійныя падраздзяленні.
Акрамя таго, супраць выведнікаў акупанты бесперапынна ўжывалі значную колькасць артылерыі, ударных дронаў-камікадзэ, КАБаў і цяжкія агнямётныя сістэмы «Сонцапёк», дадалі ў ГУР.
«Нягледзячы на люты супраціў ворага, байцам ГУР МА Украіны ўдалося знішчыць супраціўніка, узяць палонных і папоўніць абменны фонд. Тэрыторыя агрэгатнага завода перададзеная пад кантроль УСУ пасля зачысткі ўсіх 30 будынкаў аб'екта», - гаворыцца ў паведамленні.
ГУР МА таксама апублікавала ў Facebook фота з Ваўчанскага агрэгатнага завода.