Расея паставіла на дадатковы кантроль мяса з Беларусі
4- 24.09.2024, 21:18
- 5,884
Што з ім не так.
Федэральная служба ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду РФ (Рассельгаснагляд) увяла рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю ў дачыненні да шэрагу беларускіх вытворцаў.
У афіцыйным лісце ўстановы паведамляецца, што на пяці фабрыках выяўленыя неадпаведнасці якасці прадукцыі.
Сярод іншага, Рассельгаснагляд выявіў:
сальманелу ў мясе птушкі (ААТ «Птушкафабрыка “Світанак”»)
бактэрыі групы кішачнай палачкі ў паўфабрыкатах з птушкі (філіял «ЮНІМІТ» ААТ «Смалявічы Бройлер»)
амінаантыпірын у ялавічыне (ТАА «Белмітфуд», ААТ «Віцебскі мясакамбінат»)
бензілпеніцылін у гатовых мясных вырабах (ААТ «Белавежскі»).
Небяспечныя дзіцячыя кансервы
Нагадаем, раней Рассельгаснагляд знайшоў у беларускіх дзіцячых кансервах забароненае для гэтага тыпу прадуктаў хімічнае злучэнне.
Так, у харчаванні з мяса птушкі для малых выявілі энрафлаксацын (антыбіётык), прычым паўторна.
У выніку кампанія «Белфуд Прадакшн», якая вырабіла гэты прадукт, часова не зможа пастаўляць у РФ гэтую прадукцыю.
Адзначым, што «Белфуд Прадакшн» робіць пюрэ, сокі, нектары пад брэндам «Маленькае шчасце».