Кіраўнік МЗС Кітая прапанаваў тры крокі для спынення вайны
6- 25.09.2024, 14:44
- 14,418
Гэты план відавочна на руку Раcеі.
Міністр замежных спраў Кітая Ван І заявіў, што пазіцыя КНР наконт вайны РФ супраць Украіны палягае ў неадкладным спыненні агню і пачатку перамоў, а таксама ўстрыманні ад санкцый і “эканамічнага ціску супраць аднаго з бакоў канфлікту”.
Пра гэта ён заявіў у аўторак, 24 верасня, падчас паседжання Рады Бяспекі ААН, паведамляе “Укрінфарм”.
"Усе бакі павінны вызначыць прыярытэтам мір і людзей і павінны па-сапраўднаму быць прыхільным да прасоўвання мірных перамоў", - сказаў ён, назваўшы тры прапановы Кітая аб спыненні вайны, сярод якіх:
спыненне баявых сутыкненняў з мэтай прадухілення пашырэння лініі фронту. Ван І таксама адзначыў, што знішчэнне ядзерных аб'ектаў або выкарыстанне ядзернай зброі недапушчальныя. Кіраўнік дыпламатыі Кітая падкрэсліў, што "чым больш зброі накіроўваюць у зону баявых дзеянняў, тым складаней дабіцца спынення агню", не ўдакладніўшы, якую менавіта вайсковую дапамогу ён мае на ўвазе;
неабходнасць неадкладнага дыялогу і перамоў, якія кіраўнік МЗС Кітая назваў "адзіным жыццяздольным спосабам" урэгуляваць вайну.
прадухіленне “перацякання крызісу (так Кітай называе вайну Расеі супраць Украіны, - рэд.)” на сусветную эканоміку. Ён удакладніў, што мае на ўвазе неабходнасць устрымацца ад санкцый і блакавання асобных кірункаў сусветнага гандлю. Са слоў Ван І, гэта нібыта пагражае ўстойліваму развіццю - адной з мэт ААН.
Ён таксама падкрэсліў, што пазіцыя Кітая наконт вайны РФ супраць Украіны "застаецца паслядоўнай".
“Суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краінаў павінны паважацца. Мэты і прынцыпы Статута ААН павінны выконвацца. Законны неспакой у сувязі з бяспекай усіх краін павінен успрымацца сур'ёзна, а таксама важна падтрымаць усе ініцыятывы, накіраваныя на ўрэгуляванне гэтага крызісу”, - заявіў Ван І.