Кіраўнік МЗС Польшчы заклікаў дазволіць Украіне наносіць удары ўглыб РФ заходняй зброяй
9- 25.09.2024, 18:08
- 3,784
Варшава не згодная з пазіцыяй Вашынгтона.
У Польшчы не згодныя з пазіцыяй ЗША па забароне для Украіны біць заходняй зброяй углыб тэрыторыі Расеі.
Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі ў каментары CNN.
Сікорскі зазначыў, што для ўсіх дзяржаў свету ў выпадку вядзення баявых дзеянняў існуюць абмежаванні, вызначаныя міжнародным гуманітарным правам, аднак Расея сістэматычна ігнаруе іх.
«Я быў у Львове, і там расейская ракета забіла цэлую сям'ю. Бацька глядзеў, як з-пад завалаў дастаюць целы яго жонкі і трох дачок», - нагадаў польскі міністр.
Ён таксама падкрэсліў, што Расея сістэмна знішчае ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру і ўжо разбурыла амаль 70% аб'ектаў.
«Ракета, якая забіла львоўскую сям'ю, была выпушчаная расейскім бамбавіком, які ляцеў над тэрыторыяй РФ і ўзляцеў з расейскага аэрадрома. Назавіце мне хоць адну прычыну, чаму Украіна не павінна мець магчымасці знішчыць той бамбавік, ударыўшы па тым аэрадроме. Ахвяра агрэсіі мае права абараняцца, у тым ліку ўдарамі па тэрыторыі агрэсара», - падкрэсліў Сікорскі.
Кіраўнік МЗС Польшчы таксама нагадаў, што са жніўня ўкраінскія войскі ўжо знаходзяцца ў Курскай вобласці РФ, намякаючы, што гэта павінна развеяць асцярогі заходніх хаўруснікаў наконт рэакцыі Крамля на скрыжаванне «чырвоных ліній».