Вайсковыя пенсіянеры пазбавяцца пенсій, калі з'едуць жыць у «недружалюбныя краіны»
33- 25.09.2024, 18:15
- 13,628
Падрабязнасці.
Вайсковыя пенсіянеры пазбавяцца пенсій, калі з'едуць жыць у «недружалюбныя краіны». Такая норма закладзеная ў законапраект, які адобрыла верхняя «палата» парламента.
Законапраект вызначае адзіныя ўмовы і парадак пенсійнага забеспячэння былых вайскоўцаў і сілавікоў.
Дакумент прадугледжвае прадаўжэнне выплаты пенсій вайсковым пенсіянерам дзяржаў, якія падпісалі з Беларуссю міжнародныя дамовы, а таксама іх сямейнікам.
Акрамя таго, законапраект вызначае, як будуць выплачваць пенсіі тым былым сілавікам, якія выехалі жыць за мяжу. Напрыклад, тыя вайсковыя пенсіянеры, якія з'едуць жыць у «недружалюбныя краіны», пазбавяцца пенсій, растлумачыў член «савета рэспублікі» Валерый Гайдукевіч.
«Канкрэтызуюцца катэгорыі, якія будуць атрымліваць пенсійнае забеспячэнне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і пры выбыцці з нашай краіны. Таксама ён датычыцца сямейнікаў пенсіянераў. Прадугледжваюцца пэўныя льготы для тых, хто пражывае на тэрыторыі Беларусі, а хто выязджае ў недружалюбныя краіны - яны пазбаўляюцца іх.
Гэта датычыцца тых людзей, якія цяпер прымаюць пастанову пакінуць Беларусь. Яны павінны разумець, што пенсіяй яны забяспечвацца не будуць», - заявіў Гайдукевіч.
Законапраект быў ухвалены верхняй палатай «парламента».