«Белавія» анансавала новыя авіярэйсы
11- 25.09.2024, 20:16
- 8,316
Ад Барнавула да Сэйшэлаў.
Прапрацоўваецца адкрыццё новых авіярэйсаў з Менска ў рэгіёны Расеі, а таксама на далёкія кірункі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў кансультант Дэпартамента авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Генадзь Касцюк, паведамляе БелТА.
Прамыя авіязносіны могуць з'явіцца з Барнавулам, Уладзікаўказам, Валгаградам, Омскам, Томскам і Цюменню. Да гэтага ўжо запусцілі рэйсы ў Менск з Чарапаўца, Калугі, Ніжняга Ноўгарада і Пермі. Апошнія навінкі – Мінеральныя Воды, Ульянаўск, Архангельск. А вясной «Белавія» адкрыла новы кірунак – Менск – Махачкала.
Акрамя гэтага, цяпер рыхтуюцца да падпісання міжнародныя пагадненні аб паветраных зносінах з Венесуэлай, Кеніяй, Сэйшэльскімі астравамі і Саудаўскай Аравіяй. У будучыні яны могуць стаць асновай для арганізацыі палётаў у гэтыя рэгіёны.