Пуцін пастанавіў змяніць ядзерную дактрыну Расеі
49- 25.09.2024, 20:24
- 21,292
Дыктатар прапанаваў змяніць умовы ўжывання ядзернай зброі.
Дыктатар Расеі Уладзімір Пуцін прапанаваў унесці шэраг зменаў у вызначэнні ўмоваў ужывання ядзернай зброі, паведамляецца ў тэлеграм-канале Крамля.
Сярод іншага ў праекце «Асноваў дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання» пашырылі катэгорыю дзяржаваў і ваенных хаўрусаў, датычна якіх праводзіцца ядзернае стрымліванне. Дапоўнены пералік ваенных пагрозаў, для нейтралізацыі якіх выконваюцца «мерапрыемствы ядзернага стрымлівання».
«На што яшчэ асабліва хацеў бы звярнуць вашу ўвагу: у абноўленай рэдакцыі дакумента агрэсію супраць Расеі з боку любой няядзернай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы прапануецца разглядаць як іх супольны напад на Расейскую Федэрацыю», – сказаў прэзідэнт на пасяджэнні сталай нарады Рады Бяспекі ў ядзерным стрымліванні.
Таксама ў абноўленай рэдакцыі зафіксавана, што Масква можа перайсці да ўжывання ядзернай зброі адразу пры атрыманні дакладнай інфармацыі пра «масаваны старт сродкаў паветрана-касмічнага нападу» і перасячэнне імі мяжы. Пуцін удакладніў, што гаворка ідзе пра самалёты стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатыя ракеты, беспілотнікі, гіпергукавыя і іншых лётныя апараты.
Акрамя таго, Расея пакідае за сабой права ўжываць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць яе ці Беларусі як удзельніцы «саюзнай дзяржавы», дадаў расейскі дыктатар. «З беларускім бокам <...> усе гэтыя пытанні ўзгодненыя. У тым ліку калі вораг, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму суверэнітэту», – падкрэсліў ён.
«Усе ўдакладненні з'яўляюцца глыбока выверанымі і суразмернымі сучасным ваенным пагрозам і рызыкам у дачыненні да Расейскай Федэрацыі», – сказаў на заканчэнне кіраўнік РФ.