На выбарах прэзідэнта Малдовы будзе рэкордная колькасць кандыдатаў
4- 25.09.2024, 20:42
- 4,418
Зацверджана 11 чалавек.
Для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у Малдове ў наступным месяцы зацверджаная рэкордная колькасць кандыдатаў.
Пра гэта паведамілі ў аўторак прадстаўнікі выбарчай камісіі, піша агенцтва Reuters.
Паводле звестак камісіі, для выбарчай гонкі зацверджана 11 чалавек, у тым ліку дзейная прэзідэнтка Мая Санду, якая разглядае гэтыя выбары як праверку яе імкнення далучыцца да ЕЗ.
Санду лідарка ў апытаннях грамадскай думкі супраць 10 прэтэндэнтаў, сярод якіх звольнены генпракурор Аляксандр Стаянагло, якога падтрымліваюць прарасейскія апазіцыйныя партыі, і Рэната Вусаты, які выступае за цесныя сувязі як з Захадам, так і з Масквой.
Выбары 20 кастрычніка адбудуцца адначасова з рэферэндумам, на якім выбарнікаў спытаюць, ці падтрымліваюць яны канстытуцыйныя змены, якія дазволяць Малдове далучыцца да ЕЗ.
Апытанне, апублікаванае ў панядзелак Idata, паказала, што Санду мае падтрымку 26,8% выбарнікаў у параўнанні з 12,7% у Вусатага і 11,2% у Стаянагло.
Акрамя таго, апытанне паказала падтрымку сяброўства ў ЕЗ на ўзроўні 56% сярод выбарнікаў, якія вызначыліся з выбарам, 34% – супраць.