29 верасня 2024, Нядзеля, 13:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У беларускіх прадпрыемстваў заканчваюцца грошы

4
У беларускіх прадпрыемстваў заканчваюцца грошы

Рэнтабельнасць падае.

Фінансы беларускіх прадпрыемстваў усё часцей засмучаюць. Таму што імпартаваць даводзіцца ўсё больш, а кошты беларускага экспарту падаюць. Таму што працаўнікоў трэба завабліваць высокімі заробкамі, а кампенсаваць выдаткі коштавае рэгуляванне не дазваляе, піша ў артыкуле для «Белорусы и рынок» Фелікс Мірскі.

Паводле звестак Нацбанка, за шэсць месяцаў рэнтабельнасць продажу ў Беларусі знізілася да 6,7%. Пры гэтым 13% беларускіх кампаній былі стратнымі. А ў 37% рэнтабельнасць вагалася ад 0 да 5%.

Гэта значыць, фактычна палова беларускіх прадпрыемстваў за шэсць месяцаў знаходзілася ў пагрозлівым фінансавым становішчы. Гэта калі рэнтабельнасць, а разам з ёй і грошы, могуць скончыцца пры ўсякім ваганні рынкавай кан'юнктуры ў неспрыяльны бок.

І добра б у пагрозлівае фінансавае становішча прадпрыемствы траплялі кожнае па асобнасці. Але асаблівасці беларускай эканамічнай мадэлі на існым этапе ў тым, што ў пагрозлівае становішча трапляюць адразу цэлыя галіны.

Беларускі гандаль першым прыняў на сябе ўдар цэнавага рэгулявання. І, здаецца, доўга трымаць гэты ўдар беларускі гандаль ужо не зможа. Рэнтабельнасць аптовага гандлю за шэсць месяцаў склала палову адсотка, раздробнага - 1,2%. Пры гэтым стратнымі былі 30% гандлёвых арганізацый, да нізкарэнтабельных належалі 56%.

Яшчэ некалькі месяцаў таму МАРГ выхваляўся, што сваім цэнавым рэгуляваннем зрэзаў з гандлю лішні тлушч. Мяркуючы з апошніх звестак статыстыкі, зараз ад беларускага гандлю засталіся толькі скура ды косці.

Прычым, выпрабаваны метад - кампенсаваць нізкія цэны вялікімі аб'ёмамі - ужо не дапамагае. Прадпрыемствы вырабляюць больш, больш прадаюць, а ім становіцца ўсё горш і горш.

Рост прыбытку да 209 млрд рублёў за шэсць месяцаў не дазволіў зарабіць больш грошай. Бо пры росце прыбытку на 15,5% сабекошт павялічыўся на 17,4%. Так што пры павелічэнні аб'ёмаў продажу прыбытак ад гэтага продажу знізіўся. Затое выраслі пазыкі. Крэдыторская запазычанасць павялічылася на 8%, вонкавыя пазыкі - на 10%.

І перспектывы для фінансаў беларускіх прадпрыемстваў выглядаюць не вельмі радасна. З тых, хто прадае, узяць ужо асабліва няма чаго. Таму ў апошні час улады ўзяліся рэгуляваць тых, хто вырабляе. У выніку дзяржаўнага рэгулявання цэн вытворцаў рэнтабельнасць у апрацоўчай прамысловасці ўпала на два адсоткавыя пункты. Зрэшты, вытворцам яшчэ пакуль ёсць куды падаць.

Прызнаваць, што эксперымент з рэгуляваннем коштаў пайшоў крыху не ў той бок, у які задумвалі, чыноўнікі, вядома, не збіраюцца. Праўда, МАРГ намякнуў, што з наступнага года цэнавы кантроль могуць крыху і аслабіць. І галоўнае - паспець гэта зрабіць да таго, як у беларускіх прадпрыемстваў скончацца грошы.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках