29 верасня 2024, Нядзеля, 14:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На рынку нерухомасці ў Беларусі ўзнікла «бурбалка»

4
На рынку нерухомасці ў Беларусі ўзнікла «бурбалка»

Чым рызыкуюць тыя, хто набывае зараз кватэры.

На рынку нерухомасці ў Беларусі можа назірацца інвестыцыйная бурбалка. Эканамісты мяркуюць, што купля жылля зараз можа стацца зусім не выйгрышным інвестыцыйным планам. Аднак гэта найлепшы варыянт з найгоршых. Сваё меркаванне з гэтай нагоды выказалі эканамісты Уладзімір Кавалкін і Леў Львоўскі ў праграме «Нямецкай хвалі» «Зварка-шоу».

Эканамісты сышліся на тым, што цяпер не самы зручны час для набыцця нерухомасці ў якасці інвестыцыі. Аднак лагічна выкарыстоўваць цяперашні момант даступных крэдытаў для паляпшэння жыллёвых умоў.

— Калі ж у вас ёсць грошы, якія вы збераглі, напэўна, інвеставаць зараз унутры Беларусі — далёка не самае найлепшае. Прынамсі, пакуль не развяжацца кантэкст палітычных рэпрэсій, вайны Расеі супраць Украіны, - мяркуе эканаміст Уладзімір Кавалкін. - Гэты кантэкст стварае дадатковыя рызыкі з пункту гледжання інвестыцый у нашы краіны, і вы ніколі не ведаеце, калі вы сёння ўклалі ўмоўныя 100 тысяс даляраў у квадратныя метры, ці вернеце вы іх назад. Суцэль могуць быць прынятыя нейкія законы, якія абмяжуюць вас у куплі-продажы кватэры, у магчымасці зрабіць дакументы накшталт даверанасці. З іншага боку, вы не ведаеце, патаннее гэтая кватэра ці падаражэе. З майго пункту гледжання, інвестыцыі ў нерухомасць у Беларусі зараз высокарызыкоўныя.

Эканаміст Леў Львоўскі згодны, што нерухомасць не варта разглядаць як выгадную інвестыцыю, аднак у існых абставінах гэты варыянт можна разглядаць, для зберажэння сваіх грошай. У той жа час ён падкрэслівае, што праз санкцыі і іншыя праблемы, з якімі сутыкаецца наша эканоміка, у беларусаў сур'ёзна скарацілася магчымасць для інвеставання ў больш бяспечны інструмент.

- Калі ёсць магчымасць вывесці грошы за межы Беларусі і інвеставаць у акцыі, то гэта значна надзейней, чым набываць кватэру. Але праблема ў тым, што шмат у якіх беларусаў такіх магчымасцяў няма. У гэтым выпадку набываць кватэру ўсё ж лепш, чым захоўваць даляры пад матрасам, - тлумачыць свой пункт гледжання Леў Львоўскі.

Са слоў Льва Львоўскага, цяпер, хутчэй за ўсё, на рынку нерухомасці ў Беларусі назіраецца інвестыцыйная бурбалка. Гэта значыць, кошты жылля завышаныя праз высокі попыт. Збольшага гэта звязанае з цяперашнім ростам заробкаў, а таксама з адносна даступнымі крэдытамі.

- Магчыма, частка беларусаў спадзяецца на абясцэньванне рубля і хоча згуляць у класічную беларускую латарэю: падмані банк - купі кватэру ў крэдыт за дзень да дэвальвацыі, - прыводзіць яшчэ адну прычыну высокага попыту (і адпаведна росту коштаў) на нерухомасць эканаміст Львоўскі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках