СМІ: Буданаў неўзабаве можа страціць пасаду
11- 29.09.2024, 19:07
- 11,226
Названае імя верагоднага пераемніка.
Кіраўнік Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў можа ў найбліжэйшы час пакінуць сваю пасаду, верагодна, ужо выбралі ягонага пераемніка. Пра гэта NV стала вядома ад інфармаванай крыніцы ў сілавых структурах.
Апошнія некалькі тыдняў у палітыкуме абмяркоўваюць верагоднасць зняцця Буданава з пасады.
Каментуючы інфармацыю пра звальненне Кірыла Буданава, суразмоўца сказаў: «Такі варыянт існуе».
У той самы час ён аспрэчыў інфармацыю некаторых тэлеграм-каналаў пра адпраўку цяперашняга кіраўніка ГУР амбасадарам у замежную краіну.
Паводле меркавання крыніцы, кіраўніком ГУР можа стаць 55-гадовы Алег Івашчанка, які цяпер займае пасаду кіраўніка Службы знешняй выведкі Украіны.
Афіцыйны каментар ад ГУР МА NV пакуль не ўдалося атрымаць.
38-гадовы Кірыл Буданаў узначальвае ваенную выведку Украіны са жніўня 2020 года. Ён змяніў Васіля Бурбу, чыя адстаўка была звязаная з Вагнергейтам – няўдалай спробай захапіць ваенных злачынцаў з ПВК Вагнер, якія знаходзіліся ў Беларусі.
Падчас поўнамаштабнага ўварвання ГУР МА пад кіраўніцтвам Буданава спланавала і правяла шэраг паспяховых аперацый супраць захопнікаў, напрыклад высадку дэсанту ў акружаным Марыюпалі, вызваленне прыгарадаў Харкава ў 2022 годзе, удары па аб'ектах Чарнаморскага флоту РФ і да таго падобнае.