29 верасня 2024, Нядзеля, 23:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус паскардзіўся на гульню Hamster Kombat, якая абяцала нечуваныя выплаты

9
Беларус паскардзіўся на гульню Hamster Kombat, якая абяцала нечуваныя выплаты

Адказ юрыста не прымусіў сябе чакаць.

Адзін з карыстальнікаў нашумелай гульні Hamster Kombat вельмі расчараваўся прыбыткам ад «тапання хамяка» і пастанавіў звярнуцца ў Таварыства абароны правоў спажыўцоў Беларусі, каб яно «хоць нешта зрабіла» з сітуацыяй, піша «Наша Ніва».

«Добры дзень! У мяне пытанне пра хамяка, думаю, вы чулі, што ўсе тапалі хамяка. Абяцалі, што выйдуць на біржу і ўсе на гэтым заробяць. А цяпер высветлілася, што курс HMSTR (унутраная крыптавалюта гульні – «НН») амаль нулявы. Людзі сядзелі днямі і начамі, тапаючы хамяка. А ў выніку ўсе намаганні марна. Скажыце, ці рэальна нешта зрабіць? Або сотні тысячаў людзей проста дарма выдаткавалі месяцы свайго жыцця?» – скардзіцца карыстальнік у афіцыйную групу таварыства ва «УКантакце».

Адказ юрыста не прымусіў сябе чакаць (пасля ён папрасіў прабачэння за пасмешку). Юрыст заявіў, што чаканні карыстальніка – ягоныя праблемы, і параіў змяніць род дзейнасці: «а не ціскаць хамячка».

«Займіцеся нармальнай працай, а яшчэ лепш улюбёнай справай, і ўсё ў вас будзе добра. А калі спадзявацца, што, тапаючы хамяка, вы станеце мільянерам, то, баюся, вас чакае разбітае карыта», – адзначыў юрыст Таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Акрамя таго, іншыя карыстальнікі пачалі кпіць з аўтара скаргі. Вось некалькі прыкладаў:

«Прабачце за шчырасць, але лох – не мамант, лох не вымрэ».

«Мы яшчэ ў нашай правінцыі пакемонаў не лавілі, а вы ўжо нейкіх хамякоў тапаеце».

«Вы рэальна такія існуяце, ці гэта проста ўкід?»

«Можна пакруціць спінэр, кажуць, гэта супакойвае».

«Проста тапаць трэба ўмець. Я вось за тры месяцы тапання вывеў 100 тысячаў даляраў, усё працуе».

Нагадаем, што нядаўна адбыўся лістынг мегапапулярнай гульні Hamster Kombat, пасля якога гульцам пачалі выплачваць рэальныя грошы за продаж унутранай крыптавалюты Hamster Coin (HMSTR) на біржы, якая здабываецца з дапамогай тапання на хамяка ў гульні. Але многія гульцы засталіся расчараванымі.

Штомесячная колькасць карыстальнікаў гульні перавышае 104 мільёны чалавек. Кошт адной крыптаманеты Hamster Coin складае блізу $0,1, на якія можна набыць паляпшэнні для павелічэння пасіўнага прыбытку гульца.

Асноўная незадаволенасць гульцоў выкліканая памерам узнагароджання. Распрацоўнікі паведамлялі, што галоўным паказнікам пры размеркаванні токенаў стане ўзровень пасіўнага прыбытку.

Пасля падвядзення вынікаў высветлілася, што за 1 мільён прыбытку за гадзіну геймеры атрымалі блізу 220 HMSTR, што паводле актуальнага курсу складае $ 2,2.

Акрамя таго, карыстальнікаў, якія выкарыстоўвалі аўтаматызаваныя спосабы здабычы манетаў, абвінавацілі ў хітрыках і пазбавілі ўзнагароды. Мяркуючы з каментароў у сацсетках і тэматычных тэлеграм-чатах, некаторых гульцоў абвінавацілі ў парушэнні правілаў незаслужана.

У часткі гульцоў у дадатку адлюстроўваецца паведамленне, што вывад сродкаў на гаманцы Binance, OKX, Bybit і Telegram Wallet часова закрыты. Адзіны даступны спосаб вываду HMSTR – крыптабіржа EBI.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках