Амбасадар КНР нагадаў Лукашэнку аб ягоным абяцанні?
25- 5.09.2024, 21:13
- 43,456
Гадзіннік цікае.
Менавіта так можна тлумачыць сустрэчу Лукашэнкі 5 верасня з надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Кітая ў Беларусі Се Сяаюнам, піша UDF.
«Мы вельмі сур'ёзную ўвагу ўдзялялі візіту вашага прэм'ер-міністра ў Беларусь - Лі Цяна. Мы задаволеныя гэтым візітам. Вельмі шмат зараз працуем ва ўрадзе над пытаннямі развіцця стасункаў у тых пытаннях і праблемах, якія былі абазначаныя падчас візіту прэм'ер-міністра КНР», - заявіў Лукашэнка.
Аднак за гэтымі прыгожымі словамі хаваецца больш суровая праўда жыцця. Падчас візіту ў Менск 22-23 жніўня прэм'ер-міністра КНР Лі Цяна было падпісана міжурадавае камюніке, згодна з якім Беларусь узяла на сябе абавязацельствы гарантаваць «бяспеку каналаў перавозкі» кітайскіх грузаў у Еўрапейскі Звяз.
Але зрабіць гэта без урэгулявання памежных праблем з уладамі Польшчы немагчыма. Варшава выставіла Менску ультыматум з трох пунктаў: прыбраць мігрантаў з мяжы, вызваліць беларускага журналіста Анджэя Пачобута, які мае польскае грамадзянства, і выдаць мігранта, які забіў польскага жаўнера і хаваецца ў Беларусі.
У выпадку невыканання гэтых умоў Варшава пагражае перацяць чыгуначны транзіт, па якім праз Беларусь з Кітая ў Еўрапейскі Звяз ідзе да 80% грузаў.
Эканаміст Дзмітрый Балкунец мяркуе, што забяспечыць бесперашкодны транзіт кітайскіх грузаў пры праўленні Аляксандра Лукашэнкі ўжо немагчыма.
«У Кітаі гэта цудоўна ведаюць. Кошт пытання - сотні мільярдаў даляраў замежнагандлёвых аперацый паміж Кітаем і ЕЗ. Дыпламатычна Кітай усё сказаў», - напісаў эксперт.