«Гэта не недапрацоўка, гэта людзей проста няма»
5- 5.09.2024, 16:08
- 7,888
Беларусы скардзяцца на працу грамадскага транспарту.
«Скрыню Пандоры» адкрыў берасцеец, які стаяў у корку на Варшаўскай шашы ў першы навучальны дзень. У адным з мясцовых тэлеграм-чатаў ён паскардзіўся, што не ўбачыў «ніводнага аўтобуса ў чарзе», таму зрабіў выснову, што грамадскі транспарт стаў працаваць нашмат горш, чым год таму, піша bgmedia.site.
«Смецце таксама вывозіць не могуць як раней. Нейкая сістэмная недапрацоўка праглядаецца ў гарадской гаспадарцы», - зрабіў выснову інтэрнэт-карыстальнік.
На паведамленне адрэагавалі іншыя ўдзельнікі чата, якія пісалі, што гэта «не недапрацоўка, гэта людзей проста няма» і калі іх «не шукаць, не вяртаць і не матываваць, то сітуацыя будзе станавіцца толькі горшай».
Былі і тыя, хто не пагадзіўся з гэтымі сцвярджэннямі і абвінаваціў ва ўсім кіроўцаў, якія «не выконваюць ПДР і ствараюць перашкоды грамадскаму транспарту». На іх думку, у гэтым прычына вялікіх коркаў і таго, што аўтобусы з тралейбусамі ходзяць не паводле раскладу.
Саўковыя маршрутныя схемы і інертнасць чыноўнікаў
Некаторыя карыстачы «капнулі» глыбей і адзначылі, што справа не ў кіроўцах, ПДР і недахопе персаналу, а ў самой арганізацыі маршрутных схем.
«Састарэлы саўковы прынцып, калі чалавек садзіцца ў аўтобус і едзе без перасадак куды трэба, ужо не працуе. Калі паўгорада на адным заводзе працавала, тады так можна было рабіць. А цяпер так нельга, трэба перарабіць наогул усе маршруты, з упорам на максімальную прамату ліній, выкінуць на памыйніцу гісторыі кругасветкі і прыбраць аднаразовыя талончыкі», - напісаў удзельнік віртуальнай дыскусіі.
Яму тут жа параілі адправіць свае пажаданні ў гарвыканкам ці схадзіць на прыём да кіраўніка горада. Высветлілася, што карыстач шматкроць гэта рабіў, «але выніку няма». З яго слоў, ён у пачатку нулявых працаваў у дарожнай арганізацыі, і «ўсё гэта ўжо тады было зразумела, і ўсё дакладвалася, у тым ліку і ў гарвыканкам». Берасцеец упэўнены, што «ўсё ўпіраецца ў нежаданне чыноўнікаў пачынаць радыкальныя перамены».
«Усё гранічна зразумела: перавозкі ГТ (заўв. рэд. - грамадскі транспарт) у нас стратныя. Г.зн., кожны дадаткова перавезены пасажыр павялічвае страты. Для таго, каб было не стратна, трэба паднімаць кошт талончыка разы ў тры. Ці ў чатыры, калі верыць некаторым супрацоўнікам аўтобуснага парка, - піша экс-работнік дарожнай арганізацыі. - Але гэтага рабіць нельга. Кошт талона, дарэчы, у нас вызначае не перавозчык, а адміністрацыя. І гэтая ж адміністрацыя іншай рукой патрабуе ад аўтатранспартных прадпрыемстваў выканання фінансавых паказчыкаў, за зрыў якіх перыядычна мяняе кіраўніцтва».
На яго думку, у такой сітуацыі матэматычна аптымальная стратэгія паводзін для кіраўніцтва аўтапарка - выконваць як мага менш рэйсаў. Такая ж гісторыя і з маршрутнымі таксоўкамі:
«Паглядзіце, у апошні час амаль цалкам зніклі познія маршруткі - пасля паловы дзясятай кудысьці з'ехаць амаль немагчыма».
У траўні 2023 года на прадпрыемстве КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт» працавала 955 чалавек, піша «Любимый Брест». 486 з іх - кіроўцы. Працавалі 286 адзінак пасажырскай тэхнікі, у тым ліку 88 тралейбусаў і 198 аўтобусаў.
У 2021 годзе парк КУП «Брэсцкі грамадскі транспарт» налічваў 201 адзінку пасажырскай тэхнікі.