18 верасня 2024, Серада, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ другі год запар не змаглі знайсці ніводнага новага буйнога радовішча нафты

12
У РФ другі год запар не змаглі знайсці ніводнага новага буйнога радовішча нафты

Шукаць вуглевадароды становіцца ўсё цяжэй.

Пошукі ў Расеі новых буйных пакладаў нафты, якія маглі б замяніць запасы, што выбываюць праз здабычу, зноў не прынеслі істотных вынікаў.

За першую палову 2024 года ў краіне было адкрыта толькі пяць новых нафтавых радовішчаў, паведаміў «Інтэрфаксу» на Усходнім эканамічным форуме кіраўнік Мінпрыроды РФ Аляксандр Казлоў.

З яго слоў, усе яны былі адкрытыя ў Прыволжскай федэральнай акрузе і выявіліся «невялікімі». Іх сумарныя запасы радовішчаў склалі толькі 47 млн тон - аб'ём, які Расея пры існых тэмпах здабычы выпампоўвае з нетраў прыкладна за адзін месяц (гадавая здабыча ў Расеі складае 515 млн тон).

Летась, паводле звестак Раснетраў, на дзяржаўны баланс былі пастаўленыя 43 радовішчы нафты і газу, а сярод нафтавых усе выявіліся альбо «дробнымі» (запасы да 10 млн тон), альбо «вельмі дробнымі» (менш за 5 млн тон). Агулам нафтавыя кампаніі зрабілі справаздачу аб знаходжанні 565 млн тон нафты - мінімальнага за 6 гадоў аб'ёму. Аднак і гэты вынік быў дасягнуты пераважна дадатковай выведкай ужо дзейных пакладаў. Сумарныя запасы новых радовішчаў склалі толькі 43 млн тон нафты, а гэта прыкладна 9% гадавой расейскай здабычы.

Апошні раз буйное радовішча нафты ў Расеі - Мадачагскае на шэльфе Баранцава мора - было адкрытае ў 2022 годзе. Аднак і яго запасы пакрываюць толькі два месяцы расейскай здабычы і не ідуць ні ў якое параўнанне з радовішчамі-гігантамі, адкрытымі ў часы СССР: Саматлор з запасамі 7 млрд тон, Рамашкінскае з запасамі 3 млрд тон, або Прыобскае з запасамі 2,4 млрд тон.

Без новых буйных адкрыццяў нафтавая прамысловасць жыве з года ў год: паводле звестак Раснетраў, да 90% усіх радовішчаў, знойдзеных у Расеі ў апошні час, належаць да дробных і вельмі дробных. Пры гэтым амаль усе існыя паклады ўжо ўцягнутыя ў здабычу: неразмеркаваны фонд нетраў складае толькі 3%.

Шукаць вуглевадароды становіцца ўсё цяжэй, бо патэнцыял традыцыйных рэгіёнаў здабычы ў Расеі зніжаецца, а доля цяжкадаступных запасаў расце, паказвае аналітык «Фінама» Сяргей Каўфман. Акрамя таго, працягвае ён, мог адыграць ролю выхад з Расеі замежных нафтасэрвісных кампаній: амерыканскія Schlumberger, Halliburton, Baker Hughes і Weatherford абвясцілі аб прыпыненні інвестыцый і паставак абсталявання ў Расею неўзабаве пасля пачатку вайны. У 2022 годзе Halliburton і Baker Hughes прадалі бізнэс у краіне мэнэджмэнту расейскіх падраздзяленняў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках