Названая сума крэдыту на імпартазамяшчэнне, які Беларусь узяла ў РФ
10- 5.09.2024, 18:30
- 11,412
Лукашэнка працягвае заганяць краіну ў пазыкі.
Агульная сума зацверджаных 27 праектаў складае ₽167,8 млрд (блізу $1,85 млрд).
Гэта звестка прыведзеная ў матэрыяле «Рэспублікі» на падставе інфармацыі Мінпрама.
«У пералік перспектыўных імпартазамяшчальных інвестпраектаў па выпуску прадукцыі цывільнага прызначэння ўвайшло 20 праектаў на агульную суму ₽127 млрд, у тым ліку сродкі дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расейскай Федэрацыі - ₽78,4 млрд», - паведамілі ў Мінпраме.
Можна меркаваць, што астатнія ₽40 млрд запланаваныя на вайсковыя праекты.
Важкая частка крэдыту на цывільныя праекты, больш за ₽31,6 млрд (40,3%), ужо выкарыстаная.
«Па большасці праектаў заканчваецца правядзенне конкурсаў па выбару пастаўшчыкоў абсталявання, падпісваюцца кантракты і ажыццяўляюцца выраб і пастаўка тэхналагічнага абсталявання», - заявілі ў Мінпраме.
Прычым гэтыя вытворчасці не абавязкова будуць размяшчацца на беларускай зямлі.
«Тэхніка з выкарыстаннем беларускіх машынакамплектаў збіраецца на АТ «Уфімскі трамвайна-тралейбусны завод», АТ «Чарапавецкі ліцейна-механічны завод», ТАА «Амкадор-Бранск», АТ «Брансксельмаш» і на многіх іншых расейскіх вытворчасцях», - расказаў аналітык Белінстытута даследаванняў Андрэй Талерчык.
Гэта далёка не поўны пералік кааперацыйных праектаў Беларусі і РФ у сферы машынабудавання. У Башкартастане збіраюць машыны і абсталяванне для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа на «Амкадор-Агідэль», шасі МАЗ дааснашчваюць расейскімі спецыялізаванымі надбудовамі на прадпрыемствах холдынгу «Меркатар», АТ «Пад'ёмныя машыны», ТАА «МАЗ Цэнтр Чэлябінск», АТ «Мцэнскі завод».
«Беларускія камплектуючыя актыўна выкарыстоўваюць больш за 20 расейскіх машынабудаўнікоў, у тым ліку флагманы «Растсельмаш», УАЗ, КамАЗ і УРАЛ. Гэта далёка не поўны пералік, які да таго ж стала пашыраецца», - дадаў аналітык.
Што да праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі, то ў іх лік увайшлі мадэрнізацыя дзейнай вытворчасці на БелАЗе і «Гомсельмашы», дзе таксама ствараюць і новыя вытворчыя магутнасці.
Акрамя таго, на Менскім падшыпнікавым заводзе ідзе замена фізічна зношанага і маральна састарэлага абсталявання. «Інтэграл» мадэрнізуе вытворчыя лініі 150 і 200 мм «для забеспячэння імпартазамяшчэння вырабаў індустрыяльнага і спецыяльнага прызначэння».
Акрамя таго, у «перадінвестыцыйнай стадыі» знаходзіцца імпартазамяшчальны праект па стварэнню вытворчасці дакладнага алюмініевага ліцця на Асіповіцкім заводзе аўтамабільных агрэгатаў.
«Практычна ва ўсіх галінах машынабудавання рэспублікі ажыццяўляецца абнаўленне вытворчых фондаў, такіх як мікраэлектроніка і оптыка, вытворчасць аўтакампанентаў, сельскагаспадарчае і дарожна-будаўнічае машынабудаванне», - адзначылі ў Мінпраме.
Як заявілі чыноўнікі, найноўшае абсталяванне для мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення вытворчасцей у першачарговым парадку закупляецца ў дружалюбных краінах.