У Дамінікане затрымалі другі самалёт дыктатара Венесуэлы Мадура
5- 5.09.2024, 18:57
- 6,128
У межах санкцый ЗША.
У Дамініканскай рэспубліцы затрыманы другі самалёт дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадура. Паветранае судна Dassault Falcon 2000 знаходзіцца ў аэрапорце Ігуэра (Др. Хаакін Балагер), паведамляе выданне Diario Libre.
Паводле звестак базы Jetphotos, самалёт Мадура здзейсніў толькі адзін рэйс у верасні 2019 года. Тады паветранае судна лётала на Мальту, якая ў тыя часы была хаўрусніцай Венесуэлы. Больш ніякіх запісаў аб гэтым самалёце з рэгістрацыйным нумарам YV-3360 у платформах адсочвання рэйсаў не з'яўлялася.
У мінулы панядзелак CNN са спасылкай на двух высокапастаўленых амерыканскіх чыноўнікаў паведамляў, што ўлады Злучаных Штатаў канфіскавалі ў тым жа аэрапорце іншы самалёт Мадура, бо яго набыццё парушыла амерыканскія санкцыі.
У канфіскацыі самалёт Dassault Falcon 900 коштам прыкладна 13 мільёнаў даляраў удзельнічалі некалькі амерыканскіх федэральных агенцтваў, у тым ліку следчая ўправа Міністэрства ўнутранай бяспекі, Бюро прамысловасці і бяспекі, а таксама Міністэрства юстыцыі. Са слоў аднаго з суразмоўцаў CNN, улады Злучаных Штатаў цесна супрацоўнічалі з Дамініканскай Рэспублікай, якая апавясціла Венесуэлу аб канфіскацыі паветранага судна.
Афіцыйныя амерыканскія асобы апісалі канфіскаваны самалёт як венесуэльскі эквівалент Air Force One («борт нумар адзін»), на якім Мадура лётаў па ўсім свеце падчас дзяржаўных візітаў.
Венесуэла ўважаецца за адну з самых карумпаваных краін. На думку Вашынгтона, шэраг венесуэльскіх вайскоўцаў і палітыкаў маюць дачыненне ў тым ліку да гандлю наркотыкамі і нелегальнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў.
У 2020 годзе ў кантрабандзе наркотыкаў ЗША абвінавацілі Нікаласа Мадура, таксама прэзідэнту былі выстаўленыя абвінавачанні ў адмыванні грошай. Пад падазрэнні трапілі і іншыя высокапастаўленыя венесуэльскія чыноўнікі, сярод якіх старшыня вярхоўнага суда і міністр абароны. Супраць іх у Злучаных Штатах былі распачатыя крымінальныя справы. Амерыканскія спецслужбы абвясцілі ўзнагароду $15 млн за інфармацыю, якая дапаможа арыштаваць Мадура.