Мінулае лета ў Беларусі стала адным з самых гарачых амаль за 150 гадоў
5- 5.09.2024, 21:05
- 4,846
Сярэдняя тэмпература паветра за летні сезон склала 19,9°С.
Гэтае лета стала адным з самых гарачых за ўсю гісторыю метэаназіранняў – з 1881 года, піша БелТА.
Сярэдняя тэмпература паветра за летні сезон склала +19,9°С, што на 1,9°С вышэй за кліматычную норму.
«Лета гэтага года заняло другое месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезону пачынаючы з 1881 года», – расказала інжынерка-метэаролаг Таццяна Гіль.
А самае спякотнае лета за ўвесь перыяд метэаназіранняў беларусы перажылі ў 2010 годзе. Тады сярэдняя тэмпература паветра па краіне складала 20,6°C.
За мінулае лета ў розных рэгіёнах краіны было ад 39 да 70 спякотных дзён з тэмпературай паветра 25 градусаў і вышэй. Пры гэтым норма складае 29–59 дзён. Таксама сіноптыкі налічылі ад 2 да 28 дзён, калі слупок тэрмометра дасягаў 30 і больш градусаў цяпла (норма складае 1–13 дзён).
Самая высокая тэмпература была зафіксаваная 13 ліпеня на станцыі Жыткавічы. Слупкі тэрмометра паказалі +37,9 °C. А мінімальная тэмпература склала 4,7°C (14 жніўня на станцыі Палеская).