У Менску пенсіянерка выкінула з акна школьніку больш за 760 тысячаў еўраў
30- 5.09.2024, 21:29
- 25,598
16-гадовы хлопец выконваў заданне ашуканцаў.
У Менску асудзілі 16-гадовага хлопца, які на заданне ашуканцаў забраў у 75-гадовай жанчыны больш за 760 тысячаў еўраў, піша агенцтва «Менск-Навіны».
Суд прызнаў падлетка вінаватым паводле ч. 4 арт. 209 КК (Махлярства, учыненае паўторна арганізаванай групай у асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 222 КК (Учыненае з карыслівых памкненняў незаконнае распаўсюджванне аўтэнтыфікацыйных звестак, з дапамогай якіх магчымае атрыманне доступу да рахункаў) і асудзіў да 3,5 года пазбаўлення волі са штрафам 30 базавых велічыняў (1200 рублёў).
У адпаведнасці з ч. 2 арт. 77 КК суд адтэрмінаваў выкананне прызначанага пакарання на 3 гады, абавязаўшы школьніка не мяняць месца жыхарства без згоды органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджаных, перыядычна наведваць аддзел міліцыі для рэгістрацыі і не выязджаць за межы горада паводле асабістых справаў на тэрмін больш за адзін месяц.
Нагадаем, 7 лютага 75-гадовая мянчанка паводле рэкамендацыяў ілжэправаахоўнікаў пагадзілася «задэклараваць» свае ашчаджэнні. Выконваючы ўказанні ашуканцаў, яна падрыхтавала сямейныя ашчаджэнні і выкінула 16-гадоваму хлопцу ў акно больш за 760 тысячаў еўраў. Апошняга аператыўна затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
Высветлілася, што школьнік знайшоў аб'яву пра хуткі заробак у Telegram і са снежня 2023 года пачаў працаваць на тэлефонных ашуканцаў. На заданне куратара ён аформіў на сябе некалькі банкаўскіх картак і перадаў таму рэквізіты. За выкананне гэтага задання ён атрымаў 175 рублёў.
«Куратараў падманнай сеткі зацікавіла безадмоўная стараннасць падлетка, пасля чаго яны пастанавілі даць яму шанец зарабіць больш. У канцы студзеня хлопцу прапанавалі за ўзнагароду забраць пасылку з Салігорска, пасля чаго перадаць яе крыптавалютчыку. Пра тое, што ў пакеце знаходзяцца больш за 10 тысячаў даляраў, фігуранту было добра вядома. Напярэдадні пераканальныя лжэправаахоўнікі ўгаварылі 44-гадовага мужчыну і ягоную маці задэклараваць свае прыбыткі. Сваякі не западозрылі падман, бо трымалі сувязь, на іхнюю думку, з рэальнымі супрацоўнікамі. Выконваючы ўказанні, пацярпелыя абнаявілі валютныя рахункі і перадалі грошы кіроўцу таксі, каб той адвёз сродкі нібыта супрацоўнікам ДФР для наступнага афармлення», – расказалі ў СК.
Праз тыдзень хлопцу паступіла яшчэ адна замова. Трэба было забраць грошы, а пасля перадаць іх крыптавалютчыку. Тады школьніка і затрымалі. Ад супрацоўнікаў міліцыі ён даведаўся, што замест 160 тысячаў еўраў, пра якія яму сказалі куратары, пенсіянерка перадала грошы практычна ў пяць разоў большыя.
У СК адзначалі, што цягам расследавання падлетак даваў паслядоўныя і несупярэчлівыя паказанні. Ён актыўна супрацоўнічаў са следствам і дапамагаў сабраць усе эпізоды ягонай кур'ерскай дзейнасці разам. Юнак характарызаваўся станоўча, выхоўваецца ў поўнай сям'і, добра вучыўся ў гімназіі і на прафесійнай аснове займаўся веласпортам.