Чалы: Лукашэнка нездарма загаварыў пра здароўе
11- 7.09.2024, 15:25
- 24,194
Беларускі дыктатар – забабонны чалавек.
Аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што Лукашэнка можа не пайсці на новы тэрмін. Такім меркаваннем ён падзяліўся ў эфіры «Звычайнай раніцы»:
– Усе плённыя ідэі ў Лукашэнкі скончыліся.
Нельга адмаўляць таго, што ён усё ж такі да ўлады прыходзіў з ідэяй. Ён сапраўды хацеў вярнуць сталінізм. У палітычнай сферы яму гэта ўдалося, у эстэтычнай таксама, у эканоміцы – амаль.
Памятайце, ён казаў, рынку мы наеліся, дзяржаўнае можа працаваць не горш. У гэтым і была ўся ягоная задача, ён усё жыццё спрабаваў давесці, што дзяржаўнае можа працаваць не горш.
Але ў 2011 годзе, калі здарыўся крызіс, стала зразумела, што гэта не працуе. Тады ў яго з'явілася ідэя комплекснай мадэрнізацыі, якая насамрэч нічога не вызначала, гэта было як тушыць пажар бензінам.
Гэтая мадэрнізацыя скончылася крызісам 2015–2016 гадоў з гібрыднай дэвальвацыяй на 30%. І вось на гэтым ідэі скончыліся. Пасля гэтага Лукашэнку засталося толькі займацца кветнікамі, рамесніцтвам і г.д.
І самы галоўны ягоны пасыл сёння: давайце неяк самі, нешта вас распесцілі, занадта дорага стала насельніцтва абыходзіцца манарху.
І плюс, і гэта зусім відавочна, ёсць чыннік здароўя. Цяпер гэта асабліва відаць. Чулі, у якім ключы ён гаворыць пра здароўе?
Калі на гістарычнай радзіме ён расказваў, чаму стаміўся, упершыню з'явілася фраза: «Уявіце сабе, якая вялікая колькасць людзей мяне ненавідзіць». Ён проста так і сказаў.
Вядома, ён гэта разумее і адчувае, і, як чалавек забабонны, ведае, што гэтыя рэчы проста так не праходзяць, – кажа Чалы.