Украіна папярэдзіла Іран
- 7.09.2024, 13:31
- 13,374
Пасля перадачы балістычных ракетаў Расеі.
Украіна звярнулася да Ірана праз магчымую перадачу балістычных ракетаў Расеі, папярэдзіўшы пра «разбуральныя наступствы» для двухбаковых стасункаў. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным каментары МЗС, які апублікавалі ў суботу, 7 верасня.
МЗС Украіны выказала занепакоенасць паведамленнямі міжнародных СМІ пра патэнцыйныя пастаўкі Іранам балістычных ракетаў у Расею.
«Чарговы раз заклікаем кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі Іран устрымацца ад перадачы Расеі, якая згодна са Статутам ААН і нормамі міжнароднага права з'яўляецца дзяржавай-агрэсаркай, любых відаў узбраення і вайсковай тэхнікі», – гаворыцца ў паведамленні.
«МЗС адзначае, што паглыбленне вайсковага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Іранам нясе сур'ёзныя пагрозы бяспецы не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы, Блізкага Усходу і свету».
«Заклікаем сусветную супольнасць узмацніць ціск на Тэгеран і Маскву дзеля абароны міжнароднага міру і бяспекі», – дадаюць ва ўстанове.
Украіна патрабуе, каб Іран спыніў пастаўкі зброі Расеі, «каб дзеяннямі даказаць шчырасць заяваў свайго палітычнага кіраўніцтва аб недатычнасці да падсілкоўвання расейскай ваеннай машыны».
МЗС папярэдзіла, што пацвярджэнне перадачы Іранам балістычных ракетаў Расеі «будзе мець разбуральныя наступствы для ўкраінска-іранскіх двухбаковых стасункаў».