Буданаў: РФ чакаюць сур'ёзныя змены ў сілавым блоку
5- 7.09.2024, 17:51
- 6,142
Расейскі рэжым расхістваюць пэўныя ўнутраныя працэсы.
У найбліжэйшыя два месяцы ў Расеі чакаюцца сур'ёзныя перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структур, заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Кірыл Буданаў у інтэрв'ю Сяргею Жадану для "Радыё Хартыя". З ягоных слоў, гэтыя змены будуць бачныя як Украіне, так і ўсяму свету.
Буданаў таксама адзначыў, што пуцінскі рэжым адчувае ціск з боку праварадыкальных рухаў, якія хутка распаўсюджваюцца па Расеі.
"Пералому (на поле бою - рэд.) яшчэ не адбылося. Але ўсё побач. Не можа ўсё жыццё так працягвацца - рэсурсы не бясконцыя, ні ў нас, ні ў іх... Што да расейскага боку - у найбліжэйшыя два месяцы там запланаваны сур'ёзныя змены ў сілавым блоку. Як яны адбудуцца - убачым хутка. Не так доўга засталося чакаць", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік украінскай разведкі дадаў, што расейскі рэжым расхістваюць некаторыя ўнутраныя працэсы: са слоў Буданава, у РФ "не ўсё так гладка, як яны хочуць паказаць". Унутраныя працэсы ў Расеі паказваюць на нестабільнасць, нягледзячы на спробы Крамля дэманстраваць кантроль над сітуацыяй. У краіне актыўна з'яўляюцца праварадыкальныя і нават сепаратысцкія рухі. Напрыклад, у Смаленскай вобласці ўзнік рух "Смаляндыя", і гэта толькі адзін з многіх прыкладаў.
"Там такія рухі ёсць, якія мяне вельмі здзівілі і ў якіх рэгіёнах яны існуюць", - дадаў кіраўнік ГУР.