Кітай адмовіўся пастаўляць у Беларусь цягнікі
23- 8.09.2024, 14:18
- 26,636
Названая прычына.
Кітай канчаткова адмовіўся пастаўляць у Беларусь 15 новых цягнікоў праз боязь трапіць пад санкцыі ЗША.
У чэрвені КНР адклала пастаўку ў Беларусь 15 новых грузавых электравозаў БКГ2, якія павінны былі быць пастаўленыя яшчэ напрыканцы 2023 года.
Тады паведамлялася, што новыя тэрміны паставак перанесены на 2025-26 гг. Аднак як цяпер высветліла «Беларуская чыгуначная супольнасць», Кітай увогуле адмовіўся пастаўляць у Беларусь гэтыя цягнікі праз асцярогу трапляння пад санкцыі.
Згодна з дакументамі, якія апынуліся ў распараджэнні чыгуначнікаў, вытворца гэтых цягнікоў, кітайская кампанія «CRRC Datong Co., Ltd.» «не дала камерцыйную прапанову з прычыны наяўнасці амерыканскіх дэталяў у складзе лакаматываў» і «ў ліпені 2024 года пазначыла немагчымасць далейшага прасоўвання праекта ў сувязі з санкцыйнымі асцярогамі». А таксама прапанавала вярнуцца да рэалізацыі праекту пасля «нармалізацыі сітуацыі».
Вядома, што замену гэтым цягнікам цяпер будуць шукаць у Расеі, дзе альтэрнатывай БКГ2 могуць выступіць толькі лакаматывы вытворчасці АТ «Трансмашхолдынг» (ТМХ) і ААТ «Сінара-Транспартныя Машыны» (СТМ). І паказальна, што ўжо 5 верасня 2024 г. у Менск на сустрэчу з БЧ прыязджала кіраўніцтва АТ «Трансмашхолдынг», з якім была праведзеная рабочая сустрэча па тэме «далейшага ўзаемнага супрацоўніцтва па абнаўленні парку рухомага складу і абсталявання».