У Лельчыцах Дзень горада правялі ў радыеактыўным дыме
4- 8.09.2024, 14:17
- 12,690
Ні МНС, ні мясцовыя ўлады не папярэдзілі грамадзян аб небяспецы.
Дзень горада ў Лельчыцах 7 верасня адзначылі ў дыме ад пажараў у чарнобыльскай зоне. У 12-тысячным райцэнтры быў разгорнуты стандартны набор актыўнасцяў: парад працоўных калектываў, вулічныя выставы і ежа, канцэрт. У дзень горада на некаторых афіцыйных фотаздымках бачны смог, а сонца над святочнай сцэнай закрывае жоўты дым, піша «Флагшток».
У гэты ж час у Кіеўскай вобласці Украіны на тэрыторыі зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС на тэрыторыі 1000 гектар Вільчэўскага лясніцтва з 5 верасня працягваўся пажар.
Да 6 верасня дым дасягнуў Лельчыц. Некалькі жыхароў горада запісалі трывожнае відэа.
Гэта не паўплывала на пастанову мясцовых уладаў праводзіць Дзень гарады. Мясцовы райвыканкам толькі размясціў стандартную справаздачу МНС пра пажар у прыгранічнай зоне і паведаміў, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем аператыўных службаў. Паведамленне з'явілася пасля заканчэння асноўных мерапрыемстваў Дня горада.
Сэрвіс worldview.earthdata ад NASA пацвердзіў, што 7 верасня Лельчыцы накрыў дым пажару падпаленага лесу на тэрыторыі зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС Кіеўскага раёна Украіны.
Лясны радыеактыўны пажар небяспечны прадуктамі гарэння (попел, недапал, дымавы аэразоль, газападобныя прадукты), якія ўяўляюць сабой адкрытыя крыніцы іянізавальнага выпраменьвання.