У Латвію з Беларусі заляцеў расейскі дрон
34- 8.09.2024, 15:33
- 18,804
Лукашэнка не кантралюе паветраную прастору краіны.
7 верасня ў Рэзэкненскім краі Латвіі былі знойдзеныя абломкі расейскага вайсковага беспілотнага лятальнага апарата, які прыляцеў з Беларусі, піша Delfi.
Паводле Мінабароны Латвіі, у суботу ў Рэзэкненскім краі ўпаў расейскі беспілотны лятальны апарат. Цяпер адказныя службы, у тым ліку Дзяржаўная паліцыя, працягваюць расследаванне абставін здарэння.
У Мінабароны Латвіі ўказваюць, што, паводле папярэдніх звестак, гэта расейскі беспілотны лятальны апарат вайсковага прызначэння. Паводле звестак Нацыянальных узброеных сіл, беспілотнік увайшоў у паветраную прастору Латвіі з боку Беларусі.
НУС зафіксавалі прыбыццё беспілотнага лятальнага апарата на тэрыторыю Латвіі, а таксама прасачылі за яго перамяшчэннем і ўстанавілі месца падзення, падкрэсліваюць у ведамстве. Расследаванне сітуацыі працягваецца.
Камандуючы НУС генерал-лейтэнант Леанід Калніньш паведаміў агенцтву LETA, што беспілотны лятальны апарат увайшоў у паветраную прастору Латвіі раніцай у суботу і быў адразу ж заўважаны.
«Мы ацэньвалі і адсочвалі сітуацыю, наколькі яна небяспечная і ці могуць зазнаваць небяспеку аб'екты і цывільныя асобы», - сказаў Калніньш.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аб'ект у Латвіі не пераследаваў ніякіх «варожых цэляў». Са слоў міністра замежных спраў Байбы Бражэ, у панядзелак у МЗС будзе выкліканы прадстаўнік расейскага пасольства.