3 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі сышоў буйны валютны брокер

2
З Беларусі сышоў буйны валютны брокер

Адзінае прадстаўніцтва было закрытае без тлумачэння прычын.

Адзінае ў Беларусі прадстаўніцтва міжнароднай брокерскай кампаніі E-Global Trade & Finance Group (вядомая як Forex4you ці Markets4you) было закрытае без тлумачэння прычын. Такі крок яшчэ больш згортвае доступ Беларусі да сусветнага пазабіржавога валютнага рынку, піша «Наша Ніва».

Менская кампанія ТАА «Ф-ІКС ФА Ю», адзіная беларуская філія міжнароднай валютна-брокерскай кампаніі E-Global Trade & Finance Group (вядомая як Forex4you або Markets4you), днямі спыніла сваю дзейнасць у Беларусі, паведамляе партал Finance Magnates. Афіцыйны сайт брокера ў Беларусі (forex4you.by) ужо не працуе, а ліцэнзія кампаніі была выдаленая з рэестра Нацбанка.

Брокер Forex4you, які абслугоўвае больш за 2,9 мільёна трэйдараў і 52 тысячы партнёраў па ўсім свеце, адкрыў свой філіял у Беларусі ў 2021 годзе, аднак пасля пачатку вайны зладзіў рэбрэндынг і змяніў назву на Markets4you, прыбраўшы са сваёй платформы расейскую мову.

Прычына закрыцця філіяла Forex4you публічна не называецца, але гэта ўжо стала чацвёртым па ліку сыходам ліцэнзаваных Форэкс-брокераў з беларускага рынку з пачатку года, піша Finance Magnates.

Напрыклад, пляцоўка MTBankFX, якая таксама спыніла дзейнасць сёлета, скардзілася на «замарозку замежных каштоўных папер беларускіх інвестараў, немагчымасць або значнае падаражэнне міжнародных трансфераў у замежнай валюце, а таксама неабходнасць прымусова і экстранна прадаваць свае актывы».

Летам Нацбанк Беларусі быў вымушаны прызнаць заняпад беларускага пазабіржавога валютнага рынку, адзначыўшы, што з 2022 года колькасць беларускіх кліентаў ліцэнзаваных форэкс-пляцовак істотна знізілася і зараз складае 4,6 тысячы ўдзельнікаў (у пачатку 2023 года такіх кліентаў было 29,2 тысячы).

Цяпер у краіне засталося ўсяго 6 форэкс-брокераў, якія забяспечваюць выхад Беларусі на сусветны пазабіржавы валютны рынак (самы прыбытковы і буйны фінансавы рынак у свеце). Раней у Беларусі працавалі 32 такія кампаніі.

Рынак Форэкс (скарачэнне ад Foreign Exchange, або абмен замежнай валюты) - найбуйнейшы міжнародны пазабіржавы рынак валюты, які з'яўляецца самым актыўным фінансавым рынкам у свеце са штодзённым абарачэннем, большым за 10 трыльёнаў даляраў. 90% гандлю на Форэкс забяспечваюць найбуйнейшыя банкі і цэнтральныя банкі розных краін.

Звычайныя карыстальнікі без вялікага капіталу могуць зарабляць на Форэкс выключна праз ліцэнзаваных брокераў (кампаніі-пасярэднікі) шляхам складання хуткіх угодаў закладу на рост або падзенне курсаў валют, што, аднак, спалучанае з вялікімі рызыкамі страціць ўкладанні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках