Палітолаг: Над Лукашэнкам навісла сур'ёзная пагроза
6- 9.09.2024, 20:41
- 31,404
Чаму рэжым баіцца назваць дроны над Беларуссю «расейскімі».
У Беларусь рэгулярна залятаюць расейскія дроны. Нядаўна два з іх былі збітыя над Гомелем, яны ўпалі проста на жылыя кварталы. Лукашэнка ж спрабуе ўявіць сябе «гарантам міру» для беларусаў. Ці могуць такія інцыдэнты разбурыць гэты прапагандысцкі наратыў?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:
- Не думаю, што беларусы вераць, што менавіта Лукашэнка з'яўляецца гарантам міру для іх. Наадварот, галоўная рызыка для Беларусі акурат звязаная з яго палітыкай. Лукашэнка выступае ў ролі хаўрусніка Расеі, якая вядзе брудную і крывавую вайну супраць Украіны.
Тое, што ў Беларусь залятаюць расейскія беспілотнікі, - следства палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка. Гэта важкая пагроза, якая можа пахіснуць ягоны вобраз «міратворца».
Аднак галоўная рызыка звязаная з уцягваннем Беларусі ў вайну супраць Украіны, чаго Лукашэнка хоча пазбегнуць.
Калі Беларусь у рознай форме ўсё больш будзе ўцягвацца ў вайну, то гэта выява будзе пакрывацца расколінамі. Пытанне толькі ў тым, калі ўсё абрынецца канчаткова.
- Характэрна, што беларускія вайскоўцы ні разу не сказалі, што гэтыя дроны расейскія. Выкарыстоўваюць такое навамоўе: «інцыдэнты», «дроны, якія прыляцелі з Украіны». Чаму нельга сказаць, што гэтыя дроны расейскія.
- Раней абвінавачвалі і Украіну, маўляў, нашы дроны залятаюць. Справа ў тым, што зараз гэта лёгка зняпраўдзіць і давесці, што залятаюць менавіта расейскія дроны.
Гэта афіцыйная ўстаноўка прапаганды Лукашэнкі, каб пазбягаць наўпроставых абвінавачванняў на адрас Расеі. Па-першае, такім чынам захоўваецца хаця б фармальная лаяльнасць з боку РФ.
Па-другое, не ўзнікне супярэчнасцяў у прапагандысцкай устаноўцы. Увесь час жа абвінавачванні сыплюцца на адрас Украіны. Калі ж прызнаць, што пагроза зыходзіць ад расейскіх дронаў, іх даводзіцца збіваць, то тады ўзнікаюць пытанні ўжо да Лукашэнкі. Так што навамоўе – вымушаны захад, спроба схаваць тое, што ўдаецца хаваць усё цяжэй і цяжэй.
Бо збіваюцца менавіта расейскія дроны, а не нейкія іншапланетныя неапазнаныя лятаючыя аб'екты.
- На выходных адзін з расейскіх дронаў заляцеў на тэрыторыю Латвіі праз Беларусь. Ці можа Лукашэнка нарвацца на рэакцыю Захаду за тое, што не кантралюе сваю тэрыторыю?
- Гэта ўжо выклікала вельмі вострую дыскусію. Найперш — у краінах Балтыі ўжо гучаць абвінавачанні ў тым, што такія інцыдэнты ствараюць пагрозу для жыхароў гэтых краін.
І што адсутнасць рэакцыі (хоць бы ў выглядзе збіцця гэтых дронаў) у выніку стварае такія рызыкі. Таму, думаю, што самі па сабе гэтыя інцыдэнты ўжо з'яўляюцца добрай інфармацыйнай і палітычнай падставай не толькі для дыскусіі, але і для прыняцця пастановы аб тым, што гэтыя дроны трэба збіваць.
Цяпер галоўныя абвінавачванні ідуць на адрас Расеі і, скажам так, галоўная мэта гэтай дыскусіі не Лукашэнка, а тое, што гэтыя дроны трэба збіваць.