Дэсантнікі УСУ правялі бліскучую аперацыю на Купянскім кірунку
9- 12.01.2025, 21:59
- 12,264

Сталі вядомыя падрабязнасці ўзяцця ў палон італьянскага найміта.
РФ працягвае вербаваць замежнікаў у сваё акупацыйнае войска для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, прычым вораг шукае наймітаў не толькі сярод грамадзян краін трэцяга свету.
Гэта даказваюць байцы 78-га асобнага дэсантна-штурмавага палка "Герц", якія падчас выканання баявой задачы на Купянскім кірунку ўзялі ў палон грамадзяніна Італіі, інфармуе прэс-служба ДШВ.
Выконваючы гэтае заданне, украінскія ваяры выявілі варожую групу, частка якой была ліквідаваная, а іншая частка - узята ў палон.
Сярод палонных аказаўся 51-гадовы італьянец па імені Джані Чэні. У мінулым ён працаваў у адной з рэстарацый Самары, а ў лістападзе летась апынуўся ў шэрагах войска РФ.

Верагодна, ён "стаў чарговай ахвярай распрапаганды", адзначаюць у ДШВ. Байцы апублікавалі вайсковы білет палоннага, з якога вынікае, што ён з'яўляецца ўраджэнцам Неапаля.
У 1991 годзе скончыў ВНУ ў горадзе Мілане, мае грамадзянскую спецыяльнасць "матэматык". Жанаты, мае сына 2019 года нараджэння і дачку 2022 года нараджэння.

У баі з украінскімі дэсантнікамі расейцам не дапамаглі ні падрыхтоўка, ні колькасная перавага. Байцы ВСУ дзейнічалі зладжана і рашуча, што дазволіла абясшкодзіць ворага і ўзяць італьянскага найміта жывым.