«За год назбіралася пара мінімальных заробкаў»
1- 10.10.2025, 10:59
- 4,944
Беларускія студэнты польскіх ВНУ расказалі, што могуць сабе дазволіць на стыпендыю.
На стыпендыю ў Польшчы могуць разлічваць не толькі грамадзяне гэтай краіны, але і некаторыя замежнікі. Запыталі у беларускіх студэнтаў, якія там вучацца, якія стыпендыі яны атрымліваюць і што на іх могуць сабе дазволіць.
Дзве стыпендыі — мінімальная зарплата
Юлія (імя зменена) вучыцца на другім курсе факультэта хіміі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Яна амаль цалкам забяспечвае сябе за кошт двух стыпендый.
Першую яна атрымлівае ад Нацыянальнага агенцтва акадэмічных абменаў (NAWA). Гэта стыпендыя належыць студэнтам з Картай паляка або пастаянным відам на жыхарства (сталым побытам), яе памер — 1800 злотых.
Другая стыпендыя — сацыяльная. Яе выплачвае ўніверсітэт, калі даход сям'і меншы за 1570 злотых на чалавека. Цяпер у сям'і беларуска працуе толькі бацька, маці нядаўна пераехала ў Польшчу і пакуль працы тут не знайшла. Таму Юлія змагла прэтэндаваць яшчэ на 1700 злотых. У суме беларуска атрымлівае 3500 злотых — прыблізна столькі ў агульным выпадку складае мінімальная зарплата пасля выліку падаткаў і сацыяльных збораў.
Адна — на арэнду, другая — на харчаванне
У Кракаве Юлія жыве ў здымнай двухпакаёвай кватэры разам з маці. З улікам камунальных плацяжоў яна абыходзіцца ў 3200 злотых. Гэтую суму маці і дачка дзеляць напалам.
— Мая частка — 1600 злотых — пакрываецца адной стыпендыяй, — распавядае дзяўчына. — На другую стыпендыю — 1800 злотых — харчуюся: купляю ежу ў краме, часам перакушаю ў кафэ.
Юлія часта звяртае ўвагу на акцыі, але ў цэлым сабе ні ў чым не адмаўляе — бярэ тое, што хоча. У яе прадуктавым кошыку мяса (курыца, свініна, ялавічына), ласось, «вялікая палітра» гародніны, садавіны і ягад, малочныя прадукты, бакалея, соусы, а таксама розныя салодкасці і снэкі.
А вось фастфуд кшталту бургераў і шаўрмы дзяўчына купляе рэдка: надае перавагу хатняй піцы.
«Якаснае адзенне і абутак можна купіць са зніжкамі»
Грошы на праезд Юліі амаль не даводзіцца траціць: ва ўніверсітэт яна ходзіць пешшу. Але калі ўзнікае патрэба скарыстацца грамадскім транспартам, яна купляе ільготны квіток са зніжкай 50% — паездка абыходзіцца ў два-тры злотых.
Яшчэ адна пазіцыя выдаткаў — інтэрнэт і мабільная сувязь. На гэта сыходзіць 80 злотых у месяц.
Штомесячныя паходы да цырульніка абыходзяцца яшчэ ў 50–100 злотых.
— Якаснае адзенне і абутак можна купіць са зніжкамі. На шопінг ідзе нямнога грошай. Пры неабходнасці дапамагаюць бацькі — даюць грошы. Але лішніх рэчаў я не купляю, — кажа беларуска.
З мінулага года засталася пара мінімальных заробкаў
Стыпендыяй Юлія задаволеная. Кажа, што на гэтыя грошы ў Польшчы можна жыць і прысвячаць увесь час вучобе.
— Я не працую. [Стыпендый] хапае, — кажа Юлія. — Грошы нават застаюцца: з мінулага года да пачатку другога курса назбіраўся астатак — пара мінімальных заробкаў.
«Часам магу дазволіць сабе шаўрму»
Міхаіл вучыцца ў адным з польскіх універсітэтаў па накірунку «Інфармацыйныя сістэмы аўтаматызацыі» ўжо тры гады і атрымлівае сацыяльную стыпендыю — з-за нізкіх даходаў яго сям'і. Яе выплачвае ўніверсітэт, памер — 2200 злотых.
Перш за ўсё з гэтых грошай Міхаіл аплачвае інтэрнат. Сума залежыць ад камунальных плацяжоў, але ў сярэднім выходзіць каля 900 злотых у месяц.
— На ежу — гэта прыблізна 200–250 злотых на тыдзень. Стараюся купляць тое, што па акцыі. Бяру макароны, крупы, паўфабрыкаты, выпечку, гародніну і садавіну, — распавядае беларус. — Часам магу дазволіць сабе шаўрму або паесці ў якім-небудзь бары.
На абанемент у трэнажорную залу Міхаіл траціць 200 злотых, а на месячны праязны на грамадскі транспарт — 55 злотых. Апошні выходзіць танным дзякуючы студэнцкай ільгоце.
Што да мабільнай сувязі, то яе аплачваюць бацькі — па выгадным сямейным тарыфе.
Калі грошы застаюцца, Міхаіл траціць іх на забавы.
— Грошай у асноўным хапае, — кажа беларус. — Калі трэба купіць адзенне або абутак — альбо бацькі падтрымліваюць фінансава, альбо бяру грошы з падпрацовак.