Стала вядома, каму дасталася Нобелеўская прэмія міру 2025 года
76- 10.10.2025, 12:23
- 48,580
Лаўрэатам аказаўся не Трамп.
Нарвежскі Нобелеўскі камітэт абвясціў лаўрэата прэміі міру 2025 года. Лаўрэатам стала венесуэльская палітык Марыя Карына Мачада Парыска «за яе бесперапынную працу па прасоўванні дэмакратычных правоў народа Венесуэлы і за яе барацьбу за дасягненне справядлівага і мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі».
Аб гэтым паведамляе прэс-служба Фонду Нобеля.
Марыя Карына Мачада Парыска — венесуэльская палітык і грамадская дзеячка, філантроп, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы (2011–2014). Заснавальніца і былая кіраўніца дабрачыннай арганізацыі «Сумате».
Кандыдатка ў прэзідэнты Венесуэлы на выбарах 2012 года. Апазіцыянерка, актывістка дэмакратычнага руху, праціўніца сацыялістычнага ўрада Нікаласа Мадура.
Мачада была адной з вядучых фігур падчас венесуэльскіх пратэстаў 2014 года супраць урада Нікаласа Мадура.
30 чэрвеня 2023 года ўрад Венесуэлы пазбавіў апазіцыйную венесуэльскую палітыкіню права займаць пасаду тэрмінам на 15 гадоў з-за яе лідарства ў антыўрадавых пратэстах.
Чым асаблівая Нобелеўская прэмія
Нобелеўскія прэміі былі ўстаноўлены паводле завяшчання шведскага вынаходніка і мецэната Альфрэда Нобеля (1833–1896). Найбольш вядомым яго вынаходствам стаў дынаміт, які прынёс яму значны прыбытак.
Пасля смерці Нобеля яго маёмасць накіравалі на стварэнне фонду, прыбыткі з якога штогод размеркоўваюцца паміж выбітнымі дзеячамі ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны, літаратуры і міру. Першае ўручэнне адбылося ў 1901 годзе.
Пазней у пералік дададалі прэмію па эканоміцы, заснаваную Банкам Швецыі ў канцы 1960-х гадоў.
Сума прэміі змяняецца ў залежнасці ад прыбыткаў Фонду Нобеля. Сёлета грашовае ўзнагароджанне за атрыманне «нобелеўкі» ўстаноўлена ў памеры 11 млн шведскіх крон (прыкладна 1,05 млн долараў ЗША).
Кожны лаўрэат атрымлівае грашовае ўзнагароджанне, дыплом і залаты медаль. Узнагарода можа прысуджацца толькі асобам, за выключэннем прэміі міру, якую таксама могуць атрымліваць арганізацыі.
Каго намінавалі на «нобелеўку» ў 2025 годзе
На Нобелеўскую прэмію міру сёлета было вылучана 338 кандыдатаў, з якіх 244 — фізічныя асобы, а 94 — арганізацыі. Гэта істотнае павелічэнне ў параўнанні з мінулым годам, калі было намінантаў.
Найбольшая колькасць фіксавалася ў 2016 годзе, калі вылучылі 376 кандыдатаў.
Канчатковы тэрмін падачы вылучэнняў на Нобелеўскую прэмію міру за 2025 год быў 31 студзеня.
Спіс намінантаў застаецца таемным на працягу 50 гадоў, а самавылучэнне на прэмію не дапускаецца.
Сярод магчымых прэтэндэнтаў на сёлетнюю Нобелеўскую прэмію міру, як пісала Reuters, называлі шэраг міжнародных арганізацый і праваабаронцаў. Сярод іх — УВКБ ААН, ЮНІСЕФ, «Чырвоны Крыж», «Лекары без межаў», а таксама суданская ініцыятыва Emergency Response Rooms.
Сярод індывідуальных кандыдатаў — гонкангская актывістка Чаў Хан-дун, якая знаходзіцца пад арыштам за ўдзел у дэмакратычных пратэстах, і канадскі праваабаронца Ірвін Котлер, вядомы сваёй барацьбой за правы чалавека і супрацьдзеяннем антысемітызму. Таксама згадваюцца НАТА і Міжнародны крымінальны суд.
Трамп хацеў атрымаць узнагароду
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп захоплены ідэяй атрымаць Нобелеўскую прэмію міру, але яго шанцы на перамогу называлі невысокімі, у прыватнасці з-за палітычных спрэчак.
Шмат якія краіны і арганізацыі вылучалі Трампа на прэмію міру, хаця крытыкі лічаць, што яго дзеянні не адпавядаюць крытэрам лаўрэата.
Трамп заявіў, што для ЗША будзе «абразай», калі ён не атрымае Нобелеўскую прэмію міру, бо, па яго словах, менавіта ён «спыніў сем глабальных канфліктаў». Палітык не хавае зайздрасці да былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы, які стаў лаўрэатам у 2009 годзе, і іранізуе, што ўзнагароду таму далі толькі «за перамогу на выбарах».