Лукашысты ўзяліся за прадпрымальнікаў, а потым — за маркетплэйсы
9- 10.10.2025, 13:45
- 12,856
У пэўны момант гэтыя пытанні перасекліся — могуць пацярпець пакупнікі.
У Беларусі з 1 студзеня 2026 года індывідуальныя прадпрымальнікі не змогуць займацца аптовым гандлем. З-за гэтага ўзніклі пытанні, як некаторым з іх працаваць на маркетплэйсах. Гаворка, у тым ліку, пра Wildberries. Гэтае пытанне абмеркавалі ў Мінэканоміцы, заўважыла «Зеркало».
Каротка пра тое, што змянілася
Раней чыноўнікі скарацілі спіс відаў дзейнасці для ІП. Тым, хто не трапіў у гэты пералік, да 1 студзеня 2026 года давядзецца або наогул закрыцца, або перайсці ў юрыдычную асобу. У гэтым спісе не было аптовага гандлю.
Якія пытанні гэта выклікала ў прадпрымальнікаў
Гандаль прадпрымальнікаў на маркетплэйсах падпадае пад аптовы (выключэнне — калі іпэшнік прадае вырабленую ім прадукцыю). Адпаведна, з наступнага года такая дзейнасць будзе забароненая для ІП. І калі прадпрымальнік не зарэгіструе кампанію, ён не зможа працягнуць весці гандаль. Гэта, у сваю чаргу, можа паўплываць на пакупнікоў — асартымент на маркетплэйсах можа скараціцца.
На адным з апошніх пасяджэнняў працоўнай групы па дзейнасці ІП пры Мінэканоміцы ўздымалі гэтае пытанне. Сітуацыю разгледзелі на прыкладзе Wildberries.
«Правамернасць такой дзейнасці (з 1 студзеня 2026-га. — Заўв. рэд.) будзе залежаць ад мадэлі працы, якую выкарыстоўваюць ІП і Wildberries», — адзначылі ў Мінэканоміцы і дадалі: калі прадпрымальнік будзе прадаваць выраблены ім тавар, то гэта рознічны гандаль, а калі чужы — аптовы.
На сустрэчы ў Мінэканоміцы таксама ўздымалі пытанне аб тым, каб змяніць вызначэнне аптавага гандлю. Але з канкрэтнымі прапановамі ў гэтым ведамстве параілі звяртацца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Нагадаем, раней, 3 сакавіка, Лукашэнка даручыў ураду кантраляваць гандаль — суадносіны яго відаў: сеткавага гандлю, крамаў крокавай даступнасці, маркетплэйсаў і іншага. Перад гэтым чыноўнікі 17 лютага абмеркавалі працу Wildberries — тады да Лукашэнкі выклікалі ўладальніцу маркетплэйса Тацяну Кім.
У МАРГ у сакавіку гэтага года заяўлялі, што збіраюцца ўнесці змены ў працу маркетплэйсаў. Такіх рытэйлераў могуць абавязаць вяртаць кліентам грошы за няякасныя тавары, а ўжо пасля разбірацца з прадаўцом.