«Настаўнік не раб»: беларуска абурылася, што яе дзіця па суботах ходзіць у школу
15- 10.10.2025, 17:13
- 7,102
Яна заступілася за педагогаў.
Беларуска Кацярына ўзняла ў TikTok надзённае пытанне: навошта вучням шосты школьны дзень? Жанчына перажывае і за дзяцей, якія як след не адпачываюць, і за настаўнікаў, на якіх кладзецца дадатковая нагрузка. У каментарыях яе падтрымалі іншыя карыстальнікі — распавядае «Зеркало».
Кацярына жыве ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. У сваім відэа яна распавядае, што ў 10 раніцы ў суботу знаходзіцца ў двары школы, дзе ў другім класе вучыцца яе дзіця.
— Пытанне «чаму»? Таму што шосты вучэбны дзень, — сама сабе адказвае жанчына. — Скажыце, калі настаўнікам адпачываць? Калі дзецям адпачываць? Процьма справаздач у гэтых настаўнікаў, закрыццё месяца, нейкія планы, журналы, дадатковыя заняткі. Навошта гэты шосты вучэбны дзень?
Паводле слоў беларускай, у яе дзіцяці «нармальная настаўніца», якая ўсё неабходнае дае дзецям у буднія дні:
— Мейце сумленне, дайце настаўніцы адпачыць, у яе павінен быць выходны. І ў дзяцей таксама. Зразумейце адно: бацькі таксама хочуць у суботу паспаць. І дзеці. А настаўнік не раб, ён не можа працаваць шэсць дзён на тыдзень, разумееце?
У роліка Кацярыны амаль 65 тысяч праглядаў і 270 каментарыяў. Большасць карыстальнікаў згодная з жанчынай, хтосьці дзеліцца асабістым вопытам «пазбягання» шостага школьнага дня. Але ёсць і тыя, хто лічыць, што настаўнікі проста лянуюцца працаваць.