Латвія выганяе з краіны больш за 800 расіян
5- 10.10.2025, 17:35
- 11,576
Латвія зрабіла больш жорсткімі ўмовы знаходжання на сваёй тэрыторыі.
Улады Латвіі паведамілі 841 грамадзяніну Расіі пра неабходнасць пакінуць краіну да 13 кастрычніка з-за невыканання патрабаванняў міграцыйнага заканадаўства.
Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта Politico паведамілі ў Упраўленні па пытаннях грамадзянства і міграцыі Латвіі (OCMA).
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Латвія ўнесла папраўкі ў свой Закон аб іміграцыі, зрабіўшы больш жорсткімі ўмовы знаходжання на сваёй тэрыторыі для грамадзян Расіі.
Расіяне павінны былі падаць заяўку на атрыманне статусу доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС, прадэманстраваць веданне латышскай мовы на ўзроўні A2 і прайсці праверку бяспекі і анкетаванне да 30 чэрвеня 2025 года, каб законна застацца ў краіне.
Большасць з каля 30 тысяч расіян выканалі патрабаванні, каля 2600 добраахвотна пакінулі Латвію, а 841 грамадзянін Расіі не паспеў своечасова падаць неабходныя дакументы.
Ім паведамілі пра неабходнасць пакінуць Латвію да 13 кастрычніка — пасля гэтай даты знаходжанне такіх людзей у краіне становіцца незаконным, паведамілі Politico ў латвійскім Упраўленні па пытаннях грамадзянства і міграцыі.
Сярод іншага, такія расіяне больш не змогуць карыстацца сацыяльнымі паслугамі — напрыклад, атрымліваць субсідыі і пенсіі.
У Латвіі нядаўна паведамілі пра крымінальную справу ў дачыненні да грамадзяніна Расіі, злоўленага на незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы.
Таксама там забаранілі працаўладкаванне або прадастаўленне паслуг у крытычнай інфраструктуры грамадзянам Расіі і Беларусі.