Беларус Шымановіч выйшаў у фінал першага этапу Кубка свету на дыстанцыі 100 метраў брасам
1- 10.10.2025, 20:22
- 1,020
Спаборніцтвы ў 25-метровым басейне праходзяць у амерыканскім Кармэле.
Беларусы Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай пачалі выступленні на першым этапе Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе 2025 года.
Спаборніцтвы ў 25-метровым басейне праходзяць у амерыканскім Кармэле. У першы дзень этапу Шымановіч выступаў на дыстанцыі 100 метраў брасам. Беларус заняў трэцяе месца ў папярэднім заплыве і прайшоў далей з чацвёртым часам сярод 39 удзельнікаў (57,17 с). Фінал з удзелам Ільі адбудзецца ў ноч на 11 кастрычніка па мінскім часе.
Таксама ў пятніцу адразу ў двух відах праграмы выступіла Анастасія Шкурдай. У адборы на дыстанцыі 100 метраў комплексным плаваннем наша спартсменка замкнула першую пятнаццатку з вынікам 1 хвіл. 00,79 с, а ў кваліфікацыі на дыстанцыі 50 метраў на спіне брэстчанка заняла 16-е месца, паказаўшы 27,40 с.
Першы этап Кубка свету па плаванні на кароткай вадзе ў ЗША завершыцца 13 кастрычніка. У розыгрышы 2024 года беларускія спартсмены заваявалі 17 узнагарод — адну залатую, чатырнаццаць сярэбраных і дзве бронзавыя.