7 снежня 2025, Нядзеля, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З'явіліся новыя падрабязнасці «Справы ліфтара» ў Беларусі

11
З'явіліся новыя падрабязнасці «Справы ліфтара» ў Беларусі
Юрый Дзям'янаў

Сярод іх — успаміны пацярпелых і дэталі генетычнай экспертызы.

На мінулым тыдні міліцыя абвясціла пра затрыманне маньяка, якога шукалі 30 гадоў. Новыя падрабязнасці справы агучылі ў сюжэце тэлеканала ОНТ. Сярод іх — успаміны пацярпелых, падрабязнасці расследавання і генетычнай экспертызы, а таксама рэакцыя самога Юрыя і ягонага бацькі на затрыманне.

Анатоль у 1990-я страціў сваю адзіную дачку — Насту, якой тады толькі споўнілася 12 гадоў. Вось як ён узгадвае тыя падзеі:

— Уся школа яе хавала. Як толькі дачку пахавалі, на наступны дзень, 18 красавіка, жонка забрала малодшае дзіця і адвезла ў Мінск да сваіх бацькоў. Я таксама не хацеў заставацца адзін і паехаў да бацькоў у Віцебск. Так мы і раз’ехаліся. Яна клікала мяне ў Мінск, але я сказаў: «Пакуль не знойду забойцу, нікуды не паеду». Усё жыццё змянілася.

Святлане з Віцебска ў 1999 годзе было 16 гадоў — ёй удалося выжыць пасля нападу. Яна ўзгадвала, што ў той дзень выйшла з пад’езда сустрэць сяброўку. Той на вуліцы не аказалася, і дзяўчына вярнулася ў пад’езд. Разам з ёй у ліфт зайшоў мужчына і там пачаў збіваць, далей біў яе на лесвічнай пляцоўцы і спрабаваў задушыць. Святлана супраціўлялася, але яе выратавала тое, што ў пад’езд выйшаў сусед з аўчаркай. Ён спалохаў нападніка і паспрабаваў яго дагнаць. У сюжэце паведамляецца, што далей напады спыніліся, бо гвалтаўнік спалохаўся разаблачэння.

Таксама паведамляецца, што ДНК-экспертызу яшчэ ў 1996 годзе заказалі ў Германіі.

— Яны правялі даследаванні і атрымалі змешаныя генатыпы па трох эпізодах. І з улікам генатыпаў пацярпелых быў сінтэзаваны генатып падазроенага. Але ў 1996 годзе ў нас яшчэ не было базы ДНК, — патлумачыла Вольга Драздоўская, намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз ДКСЭ.

Адзначаецца, што за ўвесь час расследавання праверылі каля 100 тысяч падазраваных. На Юрыя Дзям'янава выйшлі напрыканцы мінулага года, калі прааналізавалі яго лад жыцця, магчымасць перамяшчэння, падабенства па прыкметах на той час. Тады праверылі яго біялагічныя ўзоры і на наступны дзень пасля атрымання супадзення затрымалі.

— Ён быў вельмі здзіўлены, падчас допыту спрабаваў дэманстраваць абурэнне, што затрыманне неабгрунтаванае, ён ні пры чым. Пры гэтым следчыя заўважылі, што ён праяўляе цікаўнасць і спрабуе высветліць, якія ёсць доказы. Гэта дадало ўпэўненасці, што мы ідзём у правільным кірунку, — распавёў Аляксандр Агафонаў, начальнік галоўнага следчага ўпраўлення СК.

Паводле яго слоў, бацька Юрыя Дзям'янава не верыць у датычнасць сына да гэтых злачынстваў:

— Ён да гэтага часу піша скаргі на супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Гэта пажылы чалавек, які не ў поўнай меры разбіраецца, што такое генетычная экспертыза, якія яе вынікі, якая верагоднасць супадзення і што гэта адназначнае ўстанаўленне асобы, чые біялагічныя ўзоры выяўленыя на месцы злачынства.

Аляксандр Агафонаў таксама адзначыў, што пасля прэс-канферэнцыі паступіла больш за 16 заяў, якія трэба праверыць. На гэты момант Юрыю Дзям'янаву інкрымінуюць восем забойстваў, два замахі на забойства, спалучаныя са згвалтаваннем, чатыры напады.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках