Дзяржпрапаганда Пуціна пачала «мочыць» Кадырава
- 12.10.2025, 13:28
- 28,934
Кіраўніка Чачні прынізілі ў прамым эфіры.
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў настолькі аслабеў, што яго пачала «мочыць» прапагандысцкая машына Крамля. На расійскім тэлебачанні яго фактычна абвінавацілі ў сепаратызме. Падобнае публічнае прыніжэнне чачэнскага лідара без санкцыі з Масквы немагчыма, гэта «чорная метка», перадае Dialog.UA.
Вядомая крамлёўская Z-прапагандыстка Надана Фрыдрыхсан публічна выказалася наконт канфлікту Кадырава з расійскім дэпутатам-генералам Уладзімірам Шаманавым.
Нядаўна кіраўнік Чачні абвінаваціў дэпутата РФ у ваенных злачынствах падчас Чачэнскай вайны і пачаў адпраўляць на так званую «СВА» паказваць свае «ўменні».
Прапагандыстка стала на бок Шаманава і прынізіла Кадырава. «Яго (Шаманава — рэд.) узнагароды прасякнутыя потам і крывёю. Гэта факт. А што Кадыраў? (…) У яго цэлая галерэя медалёў. А якая ім цана? Сам сабе выпісаў! Давайце параўнаем біяграфіі Шаманава і Кадырава», — заявіла Фрыдрыхсан.
Такі выпад з боку прапагандысткі дзяржаўнага ўзроўню стаў беспрэцэдэнтным. Да гэтага любыя канфлікты з чачэнскім лідарам старанна замоўчваліся. Цяпер жа сама крамлёўская сістэма фактычна паставіла пад сумнеў мінулае Кадырава, нагадаўшы, што ён удзельнічаў у Чачэнскай вайне на баку Дудаева і Басаева — тых, каго Масква доўгія гады называла тэрарыстамі.
Скандал узнік з-за перайменавання ў Чачні некалькіх населеных пунктаў. Змена рускіх назваў на чачэнскія выклікала буру абурэння сярод ультраправых Z-патрыётаў, якія абвінавацілі Кадырава ў «дэманстратыўнай пагардзе да рускай гісторыі».
Асабліва рэзка выступіў Шаманаў, які браў удзел у Чачэнскіх войнах. Гэты публічны канфлікт стаў новай вяхой ва ўнутраным расколе пуцінскай сістэмы. Ён агаліў нарастаючае супрацьстаянне паміж сілавымі элітамі і нацыянальнымі групамі, якія Крамль сам выгадаваў. Расія, пагружаная ў мілітарызм і ксенофобію, усё больш ператвараецца ў парахавую бочку, дзе этнічныя і палітычныя супярэчнасці могуць выбухнуць у любы момант.