«Смярдзючы» завод за аманскія грошы
5- Віталь Бабін
- 13.10.2025, 8:16
- 12,352
Навошта ў Мінск прылятаў султан Аману.
Лукашэнка працягвае заваёўваць сэрцы дзяржаваў, далёкіх ад Беларусі. У Мінск прылятаў султан Аману Хайсам бен Тарык аль-Саід.
Заваёўваў жа ў гэтым выпадку ён не толькі сэрца султана, але і аманскія інвестыцыі: бакі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, паводле якога далёкая арабская краіна выдзеліць Мінску ажно мільярд і чатырыста мільёнаў долараў на будаўніцтва цэлюлозна-картоннага камбіната.
Шчырыя спачуванні жыхарам тых месцаў, дзе гэты завод пабудуюць. А яго пабудуюць, нягледзячы на смярдзючы досвед такога прадпрыемства ў Светлагорску. Нягледзячы на эканамічную немэтазгоднасць, якую паказаў кітайскі камбінат на Гомельшчыне. Бо калі грошы даюць, іх трэба асвойваць. Ці лягуць яны крэдытам на плечы простых беларусаў, ці будуць прамымі інвестыцыямі — пытанне другаснае.
Сярод іншых дамоўленасцяў — абмен пасольствамі. На чацвёртым дзесяцігоддзі ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Аманам справа, як то кажуць, зрушылася з мёртвай кропкі!
Вядома, перадусім Лукашэнку цікавяць альтэрнатыўныя рынкі збыту праз аманскія парты, а яны могуць дапамагчы прадаць трэцім краінам тую ж драўніну, якую з-за санкцый перастала набываць Еўропа. Шлях няпросты і доўгі, але на што не пойдзеш дзеля грошай?
А што звычайным беларусам — акрамя высокіх слоў пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва і напалеонаўскіх планаў пабудаваць завод, удвая магутнейшы за светлагорскі? Адмена візавага рэжыму? Бакі пакуль дамаўляюцца, але ўжо бачу, як беларусы змятаюць авіяквіткі, каб патрапіць у Аман і спусціць у краіне доларавых мільянераў свае крывёю і потам заробленыя на заводах і фабрыках рублі.
Досвед расіян, якія падпісалі такую дамову з Маскатам, паказвае, што Аман — не самае папулярнае месца для турыстычнага адпачынку, хоць цэны там могуць быць амаль на траціну ніжэйшыя, чым у тым жа Дубаі.
Праўда, правесці замежнага госця з мінскага аэрапорта Лукашэнка паехаў асабіста. Прыклаў руку да сэрца, пяшчотна прыжмурыў вочы, ледзь стрымліваючы слёзы, а на развітанне прамовіў запаветнае слова, якога чакае кожны, хто прыедзе ў Беларусь: «Прыязджайце!»
Сентыменты да нафтагазавых долараў у Лукашэнкі застаюцца нязменнымі.
Віталь Бабін, «Белсат»