Навукоўцы распавялі, як правільна наразаць цыбулю, каб пазбегнуць слёз
8- 13.10.2025, 8:24
- 4,476
Справа ў нажы і хуткасці.
Фізікі ўстанавілі, што найлепшы спосаб пазбегнуць слёз падчас наразання цыбулі — карыстацца максімальна вострым нажом і рабіць павольныя рухі.
Даследаванне, апублікаванае ў часопісе PNAS, паказала: менавіта тупыя лязы і спех выклікаюць інтэнсіўнае выдзяленне рэчыва, што раздражняе вочы, піша New Voice.
Калі цыбулю рэжуць, у паветра выдзяляецца сін-прапантыяль-S-аксід — лятучае злучэнне, якое выклікае паленне і слёзы. Каб высветліць, як менавіта хуткасць і вострасць нажа ўплываюць на колькасць раздражняльніка, навукоўцы выкарыстоўвалі спецыяльную гільяціну, змяняючы параметры лязоў і тэмп рэзання. Паверхню цыбулі пакрывалі фарбай, каб адсочваць рухі зрэзаў і колькасць выдзяляемага соку.
Вынікі аказаліся адназначнымі: чым больш вострае лязо і чым павольней разрэз, тым менш пырскаў і, адпаведна, менш раздражнення вачэй. Тупыя нажы, наадварот, сціскаюць пласты цыбулі, змушаючы іх літаральна «выціскаць» сок у паветра. Пры гэтым утвараюцца дробныя аэразольныя кроплі, якія даўжэй трымаюцца ў паветры і раздражняюць слізістую.
«Хуткія або тупыя нажы значна павялічваюць колькасць і энергію выкінутых кропель», — адзначаюць аўтары даследавання. Іх парада простая: «Трымайце нажы вострымі і рэжце спакойна».
Навукоўцы таксама праверылі папулярную параду — астуджаць цыбулю перад наразаннем. На працягу 12 гадзін яе захоўвалі пры тэмпературы 1 °C і параўналі вынікі з тымі, што былі пры пакаёвай тэмпературы. Ніякай істотнай розніцы не выявілі.
Акрамя кулінарнай карысці, адкрыццё мае і практычнае значэнне для бяспекі харчовых працэсаў. Аўтары адзначаюць, што тыя ж прынцыпы можна прымяняць для змяншэння ўтварэння аэразоляў на кухні — у прыватнасці пырскаў, якія патэнцыйна могуць пераносіць патагены.