Спецслужбы ЕС выкрылі Расію ў запуску дронаў з караблёў ценявога флоту
13- 13.10.2025, 12:42
- 6,088
Крамль вядзе разведку ваенных баз і аэрапортаў.
Паводле дадзеных заходніх спецслужбаў, Расія выкарыстоўвае свой ценявы флот для запуску беспілотнікаў у паветраную прастору Еўропы, распавёў Financial Times Славамір Цэнцкевіч, дырэктар Бюро нацыянальнай бяспекі пры прэзідэнце Польшчы. Акрамя таго, паводле яго слоў, расійскія хакеры вядуць сапраўдную кібервайну супраць Польшчы, а разведка наймае для правядзення дыверсій агентаў, якім плаціць у крыптавалюце.
Інфармацыяй пра запуск дронаў з танкераў валодаюць разведслужбы Польшчы, Даніі, Германіі і Нарвегіі, сказаў Цэнцкевіч: «Яны пацвярджаюць, што ценявы флот, які часта складаецца з вельмі старых расійскіх танкераў, што ажыццяўляюць кантрабандныя пастаўкі нафты, выкарыстоўваецца Расіяй для вядзення [беспілотнай] разведкі».
У апошнія тыдні групы неапазнаных дронаў неаднаразова з’яўляліся каля аэрапортаў, ваенных баз і заводаў у Даніі, Нарвегіі, Германіі, Бельгіі. Французскія вайскоўцы ў верасні затрымалі танкер расійскага ценявога флоту, які ў красавіку ўжо спыняла Эстонія. Судна, абвінавачанае ў выкарыстанні фальшывага сцяга, таксама падазравалі ў запуску дронаў; яго капітану прадпісана з’явіцца ў лютым у суд у Францыі. ЕС пачаў распрацоўваць юрыдычныя падставы для затрымання такіх суднаў.
Расія спрабуе арганізаваць шматлікія дыверсіі ў Польшчы — ад кібератак да выбухаў і падпалаў — усё часцей рэкрутуя для актаў сабатажу людзей, якія знаходзяцца ў краіне, уключна з украінцамі, што пераехалі туды, і падлеткамі, распавёў Цэнцкевіч. Нядаўна пракуратура пачала расследаванне ў дачыненні да грамадзяніна Украіны, якога падазраюць у працы на ГРУ і кантрабандзе выбухоўкі ў Польшчу з Літвы; яна была схаваная ў слоіках нібыта з кукурузай. Паводле слоў Цэнцкевіча, гэта была «верагодна, спланаваная тэрарыстычная аперацыя», падчас якой слоікі маглі ўсталёўваць на беспілотнікі і скідаць як бомбы.
За апошнія тры гады ўлады Польшчы выставілі дзясяткам людзей абвінавачанні ў шпіянажы або дыверсійнай дзейнасці. На мінулым тыдні Варшава перадала Кіеву 16-гадовага ўкраінца, абвінавачанага ў тым, што ён дапамагаў расійскім спецслужбам вербаваць іншых украінскіх падлеткаў для здзяйснення тэрактаў.
Расійская разведка плаціць сваім найманым агентам крыптавалютай, і цяпер польскі парламент рыхтуецца прыняць закон аб узмацненні нагляду за аперацыямі з ёй, распавёў Цэнцкевіч. Што да кібератак, то нядаўна хакеры спрабавалі перакрыць водазабеспячэнне аднаго з буйных польскіх гарадоў, дадаў ён:
«У кіберпрасторы Польшча знаходзіцца ў стане вайны [з Расіяй], гэта ўжо не проста пагроза».