Лукашэнка мяняе няўдалых на безнадзейных
20- 13.10.2025, 20:30
- 25,800
Былую кіраўніцу «Беллегпрама» адправілі ратаваць «Камволь».
У панядзелак Лукашэнка прызначыў новую кіраўніцу канцэрна «Беллегпрам». Бо беларускую лёгкую прамысловасць трэба тэрмінова ратаваць. А былую кіраўніцу «Беллегпрама», пасля якой беларускую прамысловасць трэба ратаваць, Лукашэнка адправіў ратаваць «Камволь». Бо ратаваць трэба ўсіх, а ратавальнікаў на ўсіх не напасешся, піша «Plan B».
Новаю кіраўніцай канцэрна стала першая намесніца старшыні Мінскага гарвыканкама Наталля Лазаравіч. Таццяну Лугіну, якая кіравала канцэрнам з 2019 года, Лукашэнка адправіў кіраваць аб’яднаннем «Камволь».
Хаця яшчэ нядаўна нічога гэтага не прадбачылася. І тыдня не мінула, як Лугіна хвалілася поспехамі падпарадкаванай ёй галіны. Распавядала пра перадавыя тэхналогіі, рост экспарту на рынкі далёкай дугі і незвычайна высокі попыт на беларускую прадукцыю.
«Не кожная краіна можа пахваліцца прадукцыяй такой якасці», — казала яна на выстаўцы лёгпрама, якая праходзіла ў Мінску 8 кастрычніка.
Праўда, пахваліцца атрымалася нядоўга.
«Гэтую галіну трэба выцягнуць. Гэта людзі. Трэба накарміць і апрануць людзей», — сказаў Лукашэнка ўжо 13 кастрычніка.
Дарэчы, распавядаючы пра легендарную беларускую якасць, Лугіна мела на ўвазе канкрэтна аб’яднанне «Камволь». Якое ўжо 13-га яе ж і адправілі ратаваць. Бо мінулага тыдня раптам высветлілася, што легендарная якасць у «Камваля» ёсць, а дзеючай вытворчасці ўжо няма.
«Калісьці я займаўся гэтым «Камволем». І грошай уклалі нямала… Сёння, аказваецца, не працуе. Больш за тое, назапасілі даўгоў на 200 з лішнім мільёнаў рублёў», — скардзіўся Лукашэнка чамусьці на нарадзе, прысвечанай айчыннаму птушкагадоўству.
Але 200 мільёнаў даўгоў — гэта яшчэ не самае горшае, што адбываецца з «Камволем». Як высветліла выданне «Зеркало», на 1 снежня мінулага года даўгі «Камваля» былі ў пяць разоў большыя, чым гадавая выручка прадпрыемства.
Пры гэтым толькі па стане на 2017 год у яго мадэрнізацыю ўклалі 110 мільёнаў долараў. Не дапамагло. Хаця і далей ратавалі ўсім светам. За дзевяць месяцаў «Камволь» атрымаў ад дзяржавы субсідый у розных формах амаль на 50 мільёнаў рублёў.
Але гэтых грошай не хапіла нават на тое, каб адрамантаваць дах. З-за гэтага з лістапада 2023-га па красавік 2024-га працу «Камваля» ўжо даводзілася спыняць. Бо дах працякае. На тыя самыя тканіны ўнікальнай беларускай якасці.
«Гэта апошні шанец для вас. Калі вы не зможаце спрацаваць, я больш з вамі размаўляць не буду», — пагразіў Лукашэнка нядаўна прызначаным кіраўніцам.
Насамрэч ён, вядома, загарачыўся. Бо з кім яшчэ яму размаўляць? Ратаваць трэба ўсіх, а ратавальнікаў на ўсіх не напасешся. Таму і адбываецца кругазварот беларускіх чыноўнікаў у прыродзе. З даўгавой ямы «Камволь» Таццяна Лугіна, вядома, не выцягне, але, можа, хоць дах зможа адрамантаваць.